Белорусский портал в Казахстане

У краіну дзяцінства — з "Вясёлкай"!



Рэспубліканскае свята колераў з нагоды юбілею часопіса "Вясёлка" прайшло ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Дзіцячы часопіс святкаваў знакавую дату — 55 гадоў з дня выхаду першага нумара.

На свята з`ехаліся дзеці як з Мінска, так і з усіх абласцей нашай краіны. "У нашым раёне каля 1000 падпісчыкаў часопіса. Некалькі з іх прыехалі сюды, будуць выступаць, — расказвае начальнік аддзела адукацыі Дзяржынскага раёна Вацлаў Матусевіч. — Мы вельмі любім "Вясёлку", яе матэрыялы настаўнікі выкарыстоўваюць на ўроках, дзеці з задавальненнем чытаюць вершы".

Маленькіх чытачоў сустракалі галоўныя героі часопіса — Вася Вясёлкін і Васілінка, а таксама высачэзныя хадулісты і прыгожыя лялькі, з якімі можна было сфатаграфавацца. Дзеці пазнаёміліся з дзіцячымі пісьменнікамі.

Свае віншаванні "Вясёлцы" ад Прэзідэнта Беларусі перадаў першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Аляксандр Радзькоў, адзначыўшы, што часопіс пракладае новыя творчыя шляхі да свайго чытача і робіць гэта з глыбокім веданнем дзіцячай душы.

Крысціна Шаламіцкая
Звязда, 20 красавіка 2012

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-3/845/13670
Текущая дата: 18.11.2024