Белорусский портал в Казахстане

Бацькаўшчына абараняе беларусаў з Іркуцку



Згуртаваньне беларусаў сьвету «Бацькаўшчына» прыняло адмысловую заяву з нагоды крымінальнага перасьледу Маладзёвага клюбу “Крывічы” пры Іркуцкім таварыстве беларускай культуры імя Яна Чэрскага і яго старшыні – Алега Рудакова.

У сувязі з справай аб «беларускім экстрэмізме» 17 красавіка — ужо другі раз на працягу тыдня — быў праведзены ператрус у офісе Іркуцкага таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага і на кватэры яго старшыні Алега Рудакова. У кватэры Рудакова былі канфіскаваныя асабістыя кампутары яго і яго прыёмнай дачкі.

"Управа Міжнароднага грамадзкага аб’яднаньня Згуртаваньне беларусаў сьвету “Бацькаўшчына” заяўляе што, Іркуцкае таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага і створаны пры ІТБК моладзевы клюб “Крывічы” займаюцца выключна культурніцкай дзейнасьцю, у прыватнасьці дзейнасьцю па адраджэньні і папулярызацыі духоўных і культурных каштоўнасьцяў беларускага народу ў Прыбайкальлі, распаўсюджваньні і падтрымцы беларускіх нацыянальных звычаяў, рамёстваў, абрадаў і мовы, - гаворыцца ў заяве. -  Згуртаваньне “Бацькаўшчына” шчыльна супрацоўнічае з ІТБК ад моманту стварэньня Таварыства ў 1996 годзе. Кіраўніцтва “Бацькаўшчыны” добра ведае асабіста Алега Рудакова і многіх актывістаў ІТБК. Управа Згуртаваньня беларусаў сьвету “Бацькаўшчына” заклікае грамадзкасьць Беларусі, арганізацыі беларускай дыяспары па ўсім сьвеце абараніць гонар і годнасьць Іркуцкага таварыства беларускай культуры і яе кіраўніка Алега Рудакова і дасылаць адпаведныя звароты ў амбасаду Расіі ў Беларусі і наўпрост у Пракуратуру Іркуцку".

Радыё Свабода
17 красавіка 2012

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-3/846/13604
Текущая дата: 18.11.2024