Белорусский портал в Казахстане

Генацыд у сучаснай Еўропе?



У кожныя часы існуюць свае святыя, але прыклад іх жыцця існуе па-за часам. 9 жніўня Касцёл адзначае ўспамін св. Эдыты Штайн, апякункі Еўропы. Святая яўрэйка стала ахвярай генацыду, але нават у канцлагеры знаходзіла сілы дапамагаць жанчынам, састарэлым і хворым.

Мінула ўжо больш за паўстагоддзя пасля вайны, змянілася, здаецца, усё, але застаюцца нязменнымі людзі, а значыць, і іх праблемы. Сёння Еўропа зусім іншая, але праблема генацыду ў пэўным сэнсе засталася. Такім «легальным генацыдам народа» Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч і многія каталіцкія іерархі называюць аборты. Толькі ў Беларусі з 1956 года праз аборт было забіта больш за 8 млн дзяцей.

Таму варта маліцца праз заступніцтва св. Эдыты Штайн, якая нават у канцэнтрацыйным лагеры ў Асвенціме клапацілася перш за ўсё не пра сябе, а пра тых, хто знаходзіўся побач і патрабаваў дапамогі. Дапамагала жанчынам, састарэлым, дзецям усім, чым магла: ежай, клапатлівымі рукамі (умываючы і прычэсваючы), словамі суцяшэння і сапраўднага суперажывання.

Можна сказаць, што сваім жыццём Эдыта Штайн несла фемінізм, які кажа «так» правам жанчыны займацца сваёй любімай справай, які адмаўляе ў грамадскім жыцці ўсялякія формы дыскрымінацыі па палавой прыкмеце, але які разам з тым кажа «не» той разнавіднасці фемінізму, што забывае пра любоў да Бога і бліжняга, пра жаночую пяшчоту і адданасць.  

«Любоў, — казала святая, — будзе нашым вечным жыццём, і ўжо тут мы павінны наблізіцца да яе настолькі, наколькі магчыма». Давайце памятаць пра гэта і не паўтараць памылак мінулага.

Святлана Жылевіч
Католік,by  9 жніўня 2011

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-3/889/8652
Текущая дата: 17.11.2024