Вынікі XXVII Міжнароднага фестывалю анімацыйных фільмаў "Анімаёўка" аб`явілі ў Магілёве.
Фестываль праходзіў з 25 па 27 верасня і ўключаў вялікую конкурсную праграму, а таксама выставы, кінапаказы, майстар-класы і творчыя сустрэчы. Лепшых з лепшых вызначалі ў конкурсах анімацыйных фільмаў і дзіцячай анімацыйнай творчасці, а таксама дзіцячага выяўленчага мастацтва і дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Пераможцаў узнагародзілі прызамі і дыпломамі па намінацыях, а таксама прысудзілі Гран-пры ў конкурсе анімацыйных фільмаў. Усяго на фестываль былі заяўлены 317 фільмаў з 47 краін свету, а таксама 132 творчыя работы з Беларусі, у тым ліку рысункі, вырабы, інсталяцыі.
Прыза "Вялікі аловак" і дыплома за лепшы анімацыйны фільм фестывалю (Гран-пры) у бягучым годзе ўдастоена работа "Ноч у зоне адпачынку" японскага рэжысёра Сакі Мурамота. У конкурсе анімацыйных фільмаў таксама вызначаны некалькі намінантаў - за лепшы сцэнарый, рэжысуру, эксперымент, маляўнічае і гукавое рашэнне і гэтак далей. Напрыклад, лепшым беларускім анімацыйным фільмам стала работа "Ала" рэжысёра Нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм" Наталлі Касцючэнка.
Конкурснае журы адзначыла заахвочвальным дыпломам "За бясстрашнасць і прыгажосць цемнаты" Таццяну Пятрову з Екацярынбурга, якая прадставіла на "Анімаёўцы" свой дэбютны фільм "Цёмны лес". Згодна з сюжэтам, дзяўчынка згубіла ў лесе сваё кацяня, і ёй давялося шукаць яго ноччу, перамагаючы свой страх - уяўны і не. "Фільм ідзе крыху больш за шэсць мінут і прадстаўлены ў тэхніцы маляваная анімацыя, - дзеліцца аўтар. - Над яго стварэннем пераважна працавала я, аднак была дапамога і ад невялікай каманды аніматараў і прарысоўшчыкаў".
Дзяўчына захаплялася маляваннем з дзяцінства і нават займалася ў мастацкай школе, аднак станавіцца аніматарам першапачаткова не планавала. Цікавасць да гэтага віду творчасці развівалася паступова, і атрымала сур`ёзныя маштабы ў 2015 годзе, калі яна паступіла ва Уральскі дзяржаўны архітэктурна-мастацкі ўніверсітэт на кафедру графікі і анімацыі. Таццяна скончыла ВНУ тры гады таму, і цяпер паспяхова супрацоўнічае з некалькімі кінастудыямі. Дарэчы, задума мультфільма "Цёмны лес" з`явілася ўжо даўно і нават была пакладзена ў аснову дыпломнай работы канкурсанткі, але каб паказаць яе на фестывальнай сцэне, давялося істотна дапрацаваць першапачатковы варыянт.
Выхаванцы дзіцячай анімацыйнай студыі з Магілёва пад кіраўніцтвам педагога Настассі Клачковай заваявалі адразу некалькі дыпломаў конкурсу дзіцячай анімацыйнай творчасці. Напрыклад, прыз як самы юны стваральнік анімацыйнага фільма атрымала 5-гадовая Варвара Лук`янава. У суаўтарстве з Варварай Панамарэнка яна прадставіла на фестывалі работу "Злосць і зайздрасць". "Гэта казка аб тым, што не варта сябраваць з такімі моцнымі негатыўнымі чалавечымі эмоцыямі, - дапамагае аніматару-пачаткоўцу адказаць на пытанне Настасся Клачкова. - Эмоцыі ўвасобіліся ў нас у своеасаблівых персанажах і з`явіліся на экране. Працэс стварэння фільма быў вельмі захапляючым".
Нягледзячы на юны ўзрост, у скарбонцы Варвары Лук`янавай ужо тры фільмы - пра маці, тату, злосць і зайздрасць, а таксама пра фею. "Творчая зацікаўленасць для дзяцей сёння вельмі важна, і на сваіх занятках мы выхоўваем у іх стараннасць, уменне давесці справу да канца, - адзначае Настасся Клачкова. - У наш час усё вельмі імкліва і хутка, і мы маментальна пераключаемся з адной задачы на іншую, а мультфільмы - рэч працяглая: у іх стварэнні шмат этапаў, якія неабходна прайсці. Такім чынам у дзецях развіваецца, фарміруецца і выхоўваецца шмат станоўчых якасцей".
Самым добрым анімацыйным фільмам у конкурсе дзіцячай анімацыйнай творчасці стала работа "Дрэва жаданняў" цэлай групы аўтараў з Барысава. Над яго стварэннем у тым ліку працавала ўдзельніца дзіцячай кінастудыі "Страказа" 10-гадовая Міраслава Лайкова. "Наш мультфільм амаль поўнасцю зроблены з пластыліну, - дзеліцца ўдзельніца фестывалю. - На яго стварэнне спатрэбілася каля чатырох месяцаў і амаль кілаграм пластыліну. Мультфільм расказвае аб тым, што трэба думаць пра сваіх блізкіх, пакуль яны побач. Мне вельмі падабаецца творчасць, таму я і захапілася анімацыяй. На конкурсе хачу пазнаёміцца з людзьмі, якія падзяляюць мае інтарэсы. Люблю мальтфільмы з сэнсам - напрыклад "Пластылінавую варону".
Прызы конкурсу дзіцячай выяўленчай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці ўжо не першы год дастаюцца навучэнцам Магілёўскага эканамічнага прамыслова-тэхналагічнага каледжа, і гэта "Анімаёўка" не стала выключэннем. Так, у намінацыі "Выяўленчае мастацтва" ва ўзроставай групе 11-17 гадоў другога месца ўдастоена будучы мастак-афарміцель Ульяна Ачыновіч за трыпціх "Царэўна-жаба". "Я паказала Царэўну-Несмяяну, Царэўну-Жабу і Царэўну-Лебедзь, - дзеліцца ўдзельніца. - На гэта ў мяне пайшло каля двух тыдняў. Я працавала ў тэхніцы Paper Art, калі асобныя дэталі кампазіцыі выразаюцца з паперы і збіраюцца ў аб`ёмную работу. Усё размалявала акрылавымі фарбамі і ўпрыгожыла блішчынкамі. Я вельмі люблю савецкія мультфільмы, таму і вырашыла паказаць такіх персанажаў - сваіх, народных".
Трэцяе месца ў намінацыі "Дэкаратыўна-прыкладная творчасць" у старшай узроставай катэгорыі дасталася 14-гадовай канкурсантцы са Слуцка Лізавеце Пархімовіч за работу з палімернай гліны "Галоўныя героі мультфільма "Чыпаліна". "Мне вельмі спадабалася канцэпцыя конкурсу, у рамках якой можна было зрабіць вельмі цікавыя работы па матывах любімых мультфільмаў, - дзеліцца яна. - Напрыклад, я вырашыла ажывіць персанажаў вядомага савецкага мультфільмы, які напэўна глядзелі ўсе. Творчасцю займаюся з трэцяга класа, хоць у далейшым не планую звязаць з гэтым сваё жыццё - мару стаць стаматолагам. Аднак у якасці хобі маё захапленне застанецца са мной. З палімернай гліны і эпаксіднай смалы раблю шмат рэчаў, у тым ліку свае аўтарскія ўпрыгажэнні - кольцы, завушніцы, брошкі".
27 верасня 2024, Магілёў
БЕЛТА
27 верасня 2024, Магілёў
БЕЛТА
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-3/9/75305
Текущая дата: 19.11.2024