Белорусский портал в Казахстане

Каго хочуць жанчыны, альбо У 15 — ідэал, а ў 30 — не варты ўвагі



Здавалася б, рацыянальна патлумачыць крытэрыі, па якіх мы выбіраем аб`ект кахання, цяжка, калі не немагчыма. Мы можам колькі заўгодна загінаць пальчыкі, пералічваючы станоўчыя якасці, якімі павінен валодаць суб`ект, каб прыцягнуць нашу ўвагу і заваяваць сэрца, а потым сустрэць такога і ... спакойна прайсці міма, бо пры ўсіх яго вартасцях нічога ў душы не ёкнула. У іншым варыянце мы можам захапіцца новым знаёмым, нават закахацца.

Але праходзіць зусім няшмат часу і мы са здзіўленнем бачым, што ўчарашнія вартасці абранай асобы перасталі быць для нас такімі ўжо каштоўнымі, а нашым новым уяўленням аб ідэальным партнёры аб`ект кахання не адпавядае. Псіхолагі сцвярджаюць, што апроч шматлікіх пераменных і індывідуальных фактараў, існуе шэраг агульных, відавочных (але яны рэальна дзейнічаюць) момантаў, якія спрыяюць прыцягненню людзей у залежнасці ад узросту. Прасцей кажучы, у розным узросце ўяўленне аб ідэальным партнёры ў нас рознае.

Калі дзяўчыне 15+

З якімі аднакласнікамі пагаджаюцца ісці на дыскатэку ці на спатканне школьніцы? Вядома ж, з прывабнымі. Большасць юных дзяўчат лічыць, што фізічна прывабныя людзі абавязкова цікавыя, разумныя, добрыя, вясёлыя і камунікабельныя. У псіхалогіі гэтая з`ява мае назву "эфект арэолу", калі станоўчае ўражанне аб чалавеку пераносіцца на яго асабовыя характарыстыкі. Іншымі словамі, у падлеткаў спрацоўвае стэрэатып: "Прыгожае — значыць добрае". І толькі з вопытам прыходзіць разуменне таго, што няма ніякай сувязі паміж фізічнай прывабнасцю і розумам, талентам і здольнасцямі чалавека. А пакуль ён не з`явіўся, дзяўчына аддае перавагу прыгожаму і вясёламу, але павярхоўнаму і недалёкаму хлопцу з паралельнага класа, а не сарамліваму і непрыкметнаму, аднак добраму і разважліваму суседу па парце. З цягам часу юная паненка пачынае ўсведамляць, што з недалёкім прыгажуном ёй зусім не цікава і што трэба браць у разлік не толькі знешнасць партнёра (тут, праўда, трэба ўлічваць, што непрывабнасць — яшчэ не гарантыя глыбіні душы).

20+

Дваццацігадовая дзяўчына — студэнтка ці малады спецыяліст — ужо не такая наіўная, як школьніца-падлетак. Яна мае ўласна назапашаны, няхай сабе і невялікі, жыццёвы досвед, на які абапіраецца пры выбары аб`екта кахання. Аднак на гэты выбар аказвае ўплыў даволі нечаканы фактар — геаграфічная блізкасць. Чым бліжэй (тэрытарыяльна) жыве хлопец, чым часцей адбываюцца асабістыя сустрэчы, тым большай будзе і верагоднасць развіцця рамантычных адносін. З часам тэрытарыяльная блізкасць перастае адыгрываць выключна важную ролю пры знаёмстве, але гэты фактар ніколі не знікае цалкам.

30+

Пра тое, што ўплывае на выбар жанчыны ў 23-25-30 гадоў, многае расказала эвалюцыйная псіхалогія. Шэраг спецыялістаў перакананы, што эвалюцыя пакінула свой адбітак і на мужчынах, і на жанчынах. Адно з псіхалагічных даследаванняў вывучала жанчын і мужчын 37 культур на 6 кантынентах, падчас якога стала зразумела, што жанчыны, якія шукаюць пастаяннага спадарожніка жыцця (а гэта якраз узрост 23-30 гадоў), аддаюць перавагу партнёрам крыху больш сталага ўзросту, якія ўжо нечага дасягнулі ў жыцці. Аднак пры гэтым жанчын засмучае эмацыянальная зацікаўленасць партнёра яшчэ ў некім. Для параўнання: мужчыны аддаюць перавагу партнёркам, маладзейшым за сябе, фізічна здаровым, знешне прывабным, і пры гэтым раўнуюць літаральна да кожнага слупа. А вось эмацыянальную зацікаўленасць партнёркі кімсьці іншым яны хутчэй за ўсё пакінуць без увагі. Эвалюцыйныя псіхолагі тлумачаць гэта тым, што жанчына ўкладае шмат сіл у выхаванне дзяцей, таму ёй важна, каб мужчына мог пракарміць сям`ю. А для мужчыны важна, каб дзеці былі здаровыя (таму ён выбірае маладую жонку), і каб дзеці былі яго (таму і раўнуе).

40+

З гадамі прыходзіць разуменне, што ідэальны мужчына — гэта той, хто падобны на сваю жанчыну амаль што ва ўсім. Пра такую пару суседзі гавораць: "Мужык і жонка — адна сатана", а псіхолагі называюць такую з`яву гамагаміяй. Калі двое людзей падобныя па ўзроўні адукаванасці, па інтарэсах, поглядах на жыццё і звычках, то верагоднасць расчаравання выключна малая. Бліжэй да сарака гадоў ужо, як правіла, не ўзнікае "ракавой страсці", калі ў аб`екце кахання вабіць якраз яго адметнасць, унікальнасць, непадобнасць. У такім узросце на першы план выходзіць агульнасць інтарэсаў.

Безумоўна, ёсць якасці, якія цэняцца ў патэнцыяльным партнёры незалежна ад узросту. Напрыклад, адно з псіхалагічных даследаванняў канца мінулага стагоддзя паказала, што жанчыны значна больш увагі надаюць такім якасцям партнёра, як інтэлект, славалюбства, сацыяльны статус і жыццёвы поспех. Згодна з іншымі апытаннямі псіхолагаў, на першае месца ў спісе пажаданых якасцяў абранніка і ў 25, і 65 гадоў жанчыны ставяць дабрыню і паразуменне.

Іна Арэхава
Звязда
25 сакавіка 2011


Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-3/916/5416
Текущая дата: 16.11.2024