Белорусский портал в Казахстане

Агульнабеларуская дыктоўка ў Менску прайшла з аншлягам



У Міжнародны дзень роднай мовы Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны правяло першы этап чацьвёртай агульнабеларускай дыктоўкі. Сёлета дыктоўка прысьвечаная 120-годзьдзю ад дня нараджэньня Максіма Багдановіча. Менская дыктоўка адбылася ў літаратурным музэі Максіма Багдановіча пры ўдзеле вялікай колькасьці людзей.

Агульнанацыянальную беларускую дыктоўку ў Менску пісалі ў два заходы — усе ахвотныя не зьмясьціліся ў музэйнай залі. Па традыцыі ўдзел у акцыі прыняў амбасадар Швэцыі Стэфан Эрыксан, а сёлета да яго далучыўся таксама прадстаўнік расейскай амбасады ў Беларусі.

Сярод вядомых людзей — мастак Аляксей Марачкін: «Я пісаў дыктоўку разам са сваёй жонкай Ірынай Сяргееўнай. Гэта, канечне, вялікае сьвята — Міжнародны дзень роднай мовы — і хацелася, каб ініцыятыву ТБМ падтрымала дзяржава. Каб гэты і наступныя гады былі гадамі беларускай мрвы — гэта вельмі важна».

Удзельнікі дыктоўкі — людзі рознага веку і заняткаў. Гэтым разам было шмат моладзі.

Карэспандэнтка: «Вы ўпершыню прымаеце ўдзел у дыктоўцы?»

Юначка: «Не, летась таксама пісалі».

Карэспандэнтка: «Прыйшлі самі ці нехта змусіў?»

Юначка: «Не, як можна? Самі прыходзім, з задавальненьнем пішам і яшчэ атрымоўваем прызы».

Карэспандэнтка: «Цяжка было пісаць? Задаволеныя, як напісалі?»

Юнак: «Не, ня цяжка, і задаволены. Пісьменнасьць яшчэ ня надта згублена пасьля школы, што вельмі прыемна — роднай мовы не забываю».

Карэспандэнтка: «Для чаго вы гэта робіце?

Юнак: «Каб падтрымаць родную мову. І мне вельмі прыемна і радасна, што бачу шмат такіх жа маладых людзей. Гэта азначае, што беларуская мова не загіне».

На чацьвёртай агульнанацыянальнай дыктоўцы сёлета пісалі вядомы верш Максіма Багдановіча «Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы…».

Вынік пераўзышоў найлепшыя чаканьні, кажа адзін з арганізатараў акцыі, старшыня ТБМ Алег Трусаў:

«Я вельмі задаволены, бо гэта першая дыктоўка, калі ў залі не хапіла месца. І я вельмі ўдзячны музэю, бо яны стварылі аўру Максіма Багдановіча. Тут нават можна набыць паштоўку з партрэтам Максіма Багдановіча і тэкстам, які мы зараз пішам. Людзі вельмі задаволеныя, і мы таксама, бо такога аншлягу ў нас яшчэ не было».

Алег Трусаў паведаміў, што чацьвёртая агульнанацыянальная дыктоўка сёлета будзе праводзіцца ў тры этапы і завершыцца ў Дзень волі 25 сакавіка.

Радыё Свабода
21 лютага 2011



Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-3/920/4627
Текущая дата: 16.11.2024