Белорусский портал в Казахстане

Палёт у "Космас" нармальны



У Магілёве адкрылася абноўленая зала ў кінатэатры "Космас", якому без малага паўстагоддзя.

Маштабны рамонт доўжыўся больш за год. Свой выгляд змяніла фае, а ў зале для гледачоў усталявалі сістэму "Dolby Dіgіtal", 132 новыя ўтульныя крэслы і сучаснае святло. Запрошаныя ветэраны, якія працавалі ў "Космасе" ад яго адкрыцця, шчыра казалі, што ніколі ў жыцці не бачылі падобнага.

Увогуле ў кінатэатры дзве залы, і ў будучым, калі з`явяцца грошы, тут мяркуюць зрабіць рамонт і ў другой. Тады ў "Космасе" з`явяцца спецыяльныя сямейныя праграмы: бацькі будуць глядзець фільм у адной зале, а дзеці — у іншай, на свой узрост.

Хоць новая глядзельная зала і адкрылася найноўшым анімацыйным фільмам "Ранга", усё ж на самой урачыстай цырымоніі паказалі ўрывак з французскай стужкі 1958 года з Жанам Габэнам "Адрынутыя" паводле рамана Віктора Гюго. Менавіта ёй адкрыўся "Космас" у 1963 годзе, і цяперашнія магілёўцы адразу далі заяўку вярнуць "Адрынутых" на вялікі экран.

Ілона Іванова
Звязда
28 сакавіка 2011


Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-3/923/5475
Текущая дата: 28.12.2024