Белорусский портал в Казахстане

Унікальны Скрутак Торы XVІІІ стагоддзя праляжаў на гарышчы 65 гадоў



У Музеі гісторыі і культуры яўрэяў Беларусі яго можа паглядзець цяпер кожны ахвотны.

— Некалькі гадоў таму патэлефанаваў чалавек і сказаў, што ў яго ёсць Тора, — кажа дырэктар музея Іна Герасімава. — Я падумала, што ён мае на ўвазе кнігу. Сказала, што звяжуся з ім пазней, бо мусіла якраз ехаць на міжнародную канферэнцыю. Прыехала, закруцілася... Карацей, ператэлефанавала яму толькі праз некалькі месяцаў. Пытаюся: "Дык што за Тора?" А ён загадкава кажа: "Прыязджайце..."

Інтуіцыя не падвяла Іну Герасімаву. У Дукоры (мястэчка ў Ляхавіцкім раёне, непадалёк ад Смілавічаў) гаспадар дома Міхаіл Шчэрба запрасіў госцю... на гарышча свайго дома! Там, пад 50-сантыметровым слоем пілавіння і сухога лісця падлога была засланая... даўжэзнымі кавалкамі Скрутка Торы.

— Міхаіл апавёў, што Тору здабыў ягоны дзед, — працягвае Іна Паўлаўна. — 14 кастрычніка 1941 года фашысты расстралялі ў Смілавічах усіх яўрэяў — 1600 чалавек... Смілавічы былі буйным яўрэйскім цэнтрам — сінагогі, ешыва (духоўная вучэльня для равінаў)... І дзед Міхаіла Шчэрбы забраў з апусцелай сінагогі Скруткі Торы. Пасля, калі будаваў сваю хату ў Дукоры, вырашыў заслаць гэтымі скруткамі гарышча: час быў бедны, набыць іншы матэрыял ён не мог. А Тора робіцца на дасканала вырабленай цялячай скуры. Дзякаваць Богу, дошкі, на якія дзед Міхаіла заслаў Тору, былі сухія. Таму яна гэтыя 65 гадоў захоўвалася ў цудоўных умовах!..

Аперацыю па ратаванні Торы рыхтавалі амаль год. Іна Паўлаўна адшукала магчымасць ўзамен Торы заслаць гарышча спадару Міхаілу іншым матэрыялам. Нанялі двух працаўнікоў, якія ахайна расчысцілі пілавінне, дасталі Тору, пераслалі новым матэрыялам і засыпалі ўсё назад. Калі Тору вынеслі на двор і паставілі ў альтанцы, згадвае спадарыня Герасімава, усім прысутным падалося, што гэта — нібы жывая істота, якую пасля доўгага зняволення выпусцілі зноўку на святло...

— Новай шчырасцю стала для мяне тое, што ў Торы... не сцёрлася ніводная літара!.. — прызнаецца Іна Паўлаўна. — А гэта значыцца, што яна — кашэрная, ёй можна карыстацца для малітвы і цяпер! Трэба толькі зноўку надзець яе на адмысловае Дрэва Жыцця — дзве спецыяльныя драўляныя палкі, на якіх трымаецца Тора.

Спецыяліст з БДУ Міхаіл Тарэлка дапамог скласці Тору ў правільным парадку — яна ж была разрэзана на некалькі кавалкаў. Агульная даўжыня Скрутка складае больш за 40 метраў, вышыня — каля метра. У музеі не сшывалі Тору, бо на гэта мае права толькі спецыяльны чалавек, які вядзе глыбока рэлігійны лад жыцця...

— Міхаіл Шчэрба, на жаль, заўчасна памёр, — кажа Іна Паўлаўна. — Але мы будзем заўжды памятаць дабрыню гэтага чалавека, які паспрыяў вяртанню Скрутка Торы. Нядаўна ў музей прыходзілі ягоная ўдава і дочкі, мы вельмі цёпла пагутарылі з імі. Скрутак у музеі для іх — як напамін пра бацьку і мужа...

Дарэчы, адной з умоваў перадачы Скрутка Торы ў музей было тое, што яна не павінна пакінуць Беларусь, заставацца заўжды ў музеі. Як кажа Іна Паўлаўна, гэты Скрутак Торы, які можна аднесці нават да XVІІІ стагоддзя, не толькі яўрэйскі духоўны скарб, але і выбітны помнік культуры беларускай зямлі!

Унікальны Скрутак Торы дасяжны для свабоднага агляду ў Музеі гісторыі і культуры яўрэяў Беларусі ў Мінску па вуліцы Харужай, 28. (т. 2867933).

Глеб Лабадзенка
Звязда
18 сакавіка 2011


Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-3/924/5179
Текущая дата: 27.12.2024