Белорусский портал в Казахстане

Вучыцеся па-беларуску!



Школа — гэта не толькі чытанне, пісанне, лічэнне. Гэта яшчэ і цікавыя ідэі, эксперыменты, урэшце рэшт, святы. Пра што ведаюць нават самыя маленькія вучні 4-й гімназіі горада Мінска.

Дзятву з 1 "А" мы заспелі на кірмашы. Вы не глядзіце, што дзеткам усяго па 6-7 гадоў, хлопчыкі і дзяўчынкі ўжо паспелі і палюбіць школу, і стаць яе маленькімі гаспадарамі. На кірмашы яны нават самі куплялі і прадавалі (!) розныя прысмакі.

Наогул гэтымі днямі адна са старэйшых беларускіх гімназій нагадвала суцэльнае поле для эксперыментаў: па сценах былі развешаныя шматлікія маляваныя справаздачы, дзе дзеці распавядалі пра сваё цікавае жыццё-быццё, школе прысвячалі вершы, песні.

У гімназіі юбілей. Яна, равесніца суверэннай Беларусі, адзначае сваё 20-годдзе.

Паглядзіш, як тут пачуваюць сябе дзеці, так і хочацца сказаць: "Вучыцеся па-беларуску!".

Не сакрэт, што зараз многія бацькі баяцца аддаваць дзяцей ў школы з беларускамоўным навучаннем. Але мамы і таты гэтых гімназістаў упэўненыя, што вучоба на роднай мове — гэта толькі плюс, прычым вельмі тлусты. Бацькі вераць, што ў хуткім часе менавіта спецыялісты, якія валодаюць роднай мовай, будуць запатрабаваныя ў Беларусі. Можа, таму з кожным годам сюды паступае ўсё больш дзяцей, расце конкурс пры паступленні.

Беларуская школа годна трымаецца ў адукацыйнай прасторы, 95-98 працэнтаў выпускнікоў "чацвёркі" становяцца студэнтамі, прычым найбольш іх прывабліваюць такія вышэйшыя навучальныя ўстановы як БДУ, БДПУ, БДУІР, дзяўчаты заваёўваюць лінгвістычны ўніверсітэт. Гімназія гадуе прызёраў гарадскіх і раённых алімпіяд, дзеці перамагаюць у творчых конкурсах. Наогул, яна ў тройцы лепшых школ раёна.

"Чацвёрка" пацвярджае, што беларуская мова не перашкаджае, а, хутчэй, наадварот, спрыяе навучанню дзяцей. У хлопчыкаў і дзяўчынак, якія добра валодаюць і рускай, і беларускай мовай (а тут яшчэ з першага класа вучаць і англійскую, а далей пры жаданні можна дадаць французскую і польскую. Калі будзе патрэба, тут гатовы пайсці на выкладанне і іншых замежных моў), лепш развітая памяць. Нават дзеткі, што прыходзяць у школу з цалкам рускамоўных сем`яў, не адчуваюць ніякага дыскамфорту. Вось паспрабуйце нават з першакласнікамі загаварыць па-беларуску — яны без праблем падтрымаюць гутарку. Беларуская мова — адзін з сакрэтаў паспяховасці гімназіі, яна і вучыць дзяцей, і выхоўвае. У школах з роднай мовай дзеці больш цэняць традыцыі, цікавяцца гісторыяй Беларусі, ладзяць беларускія святы, менавіта тут яны адчуваюць, што яны бе-ла-ру-сы. Можа, таму гімназісты з чацвёртай гімназіі вызначаюцца шчырасцю, працавітасцю, яны з павагай стаяцца да тых, хто побач, і годна трымаюцца на розных іспытах.

Безумоўна, сакрэт паспяховасці гімназіі не толькі ў мове. Тут неардынарны педагагічны склад, адпаведнае стаўленне да дзяцей. Калі прайсціся па школе, можна заўважыць, што яна дагледжаная, па-хатняму ўтульная. Усе вучні гімназіі, акрамя звычайных школьных урокаў, наведваюць дадатковыя заняткі. Кожны сёмы танчыць, добрая доля спявае і малюе, нехта займаецца спортам, ёсць тут нават будучыя пісьменнікі і журналісты. Ды і як гімназіі не расціць творчых асоб, тут жа столькі цікавага! Напрыклад, 1 "А" са сваёй настаўніцай Таццянай Варламавай можа доўга распавядаць пра тое, як здорава хадзіць у школу: нядаўна дзеці ставілі спектакль па беларускай казцы, падчас віктарыны хлопчыкі і дзяўчынкі даказалі, што добра знаёмыя з персанажамі народных казак. Ды і пра старадаўнія святы многія малыя ўжо ведаюць больш за сваіх бацькоў, напрыклад, увосень тут адзначаўся Багач. Да малых пастаянна наведваюцца і даюць парады старэйшыя вучні. А колькі ладзіцца розных конкурсаў, прычым не толькі для вучняў, але і для настаўнікаў (напрыклад, вызначаюцца самыя лепшыя педагогі ў намінацыях "Даследчык года", "Наватар года", "Майстар года")!

Напярэдадні святкавання ў дырэктара гімназіі №4, выдатніка народнай асветы, кавалера ордэна Францыска Скарыны Юрыя Бандарэнкі пацікавіліся, якой ён уяўляе гімназію яшчэ гадоў праз 20.

— Па-першае, яна будзе абсталяваная па апошнім слове тэхнікі. Усё будзе максімальна інфарматызаванае: бібліятэка, класныя кабінеты, сталовая, — заўважае Юрый Міхайлавіч. — Магчыма, будзе дыстанцыйнае навучанне, вольнае наведванне ўрокаў. Шмат што зменіцца за 20 гадоў, але адно застанецца нязменным — беларуская мова. Я веру, што гімназія заўсёды будзе флагманам беларускасці не толькі ў раёне, горадзе, але і ва ўсёй рэспубліцы. І іншыя гімназіі будуць у нас вучыцца і пераймаць наш вопыт.

Алена Дзядзюля.
Звязда  15 снежня 2010

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-3/929/3293
Текущая дата: 16.11.2024