У інтэрв’ю Еўрарадыё вядомы фатограф распавёў, чым яго кніга “Паганства” напужала літоўскіх друкароў, чаму ён сам баіцца язычніцкіх рытуалаў, а таксама расказаў, дзе ў Беларусі можна знайсці сапраўдныя старажытныя абрады.
На пачатку кастрычніка пабачыла свет кнiга Андрэя Лянкевiча
“Паганства”, якая была надрукаваная ў Літве. Яе прэзентацыя павінна была адбыцца ў Мінску 13 кастрычнiка, але па незразумелых прычынах яе перанеслі на месяц.
Паганства мае тысячагадовыя карані, але пра іх мала што вядома, лічыць Андрэй Лянкевіч. Пры дапамозе фатаграфіі ён вырашыў паказаць паганскія традыцыі і звычаі, якія да гэтага часу жывыя ў Беларусі.
Еўрарадыё: Як паўстала задума зрабіць гэтую кнігу?
Андрэй Лянкевіч: Я лічу, што ў Беларусі ўвогуле мала альбомаў, а такіх журналісцкіх зусім няма. Таму мне захацелася адразу рабіць не фотарэпартаж, а цэлую кнігу. Шэсць гадоў таму я ўпершыню ўбачыў проста геніяльны рэпартаж жывога класіка беларускай фатаграфіі Анатоля Клешчука з газеты “Звязда”, дзе ён зрабіў фатаграфіі пра паганскі абрад "жаніцьбу коміна" – гэта традыцыі, якія захаваліся на Палессі. Я быў проста шакаваны, што да гэтага часу пра гэтыя традыцыі, якім тысячы гадоў, ніхто не ведае. І калі яны пачаліся, ніхто не можа нават прыблізна сказаць. І спевы, якія захаваліся, і людзі, якія разумеюць і адчуваюць, што яны робяць і чаму. Гэта не проста набор слоў альбо мелодыі, якія трэба спяваць, гэта нейкая ўнутраная энергія, яна шмат што значыць.
Еўрарадыё: А чаму, на ваш погляд, у некаторых вёсках гэтыя традыцыі зусім зніклі, а ў некаторых захаваліся? Дзе Вы знайшлі гэтых людзей, якія практыкуюць паганства да нашых часоў?
Андрэй Лянкевіч: Мне пашчасціла. Я не сам шукаў людзей, я працаваў з Ірынай Мазюк – знакамітай жанчынай, якая займаецца тэматыкай народных традыцый. Яна рабіла даследаванні і шукала, у якіх вёсках гэта ўсё захавалася. Большасць традыцый, якія мы знайшлі і фатаграфавалі – гэта Палессе. Гэта татальная ізаляцыя, багны і лясы. Не ведаю, на колькі праўда, але ёсць такая тэорыя, што на нашае Палессе засялялі ўсякіх бабулек, знахарак, шаптух з усяго Савецкага Саюза. Вось і атрымалася там такая рэзервацыя. Але не ведаю, ці гэта праўда.
Еўрарадыё: Ці жывая ў нас культура паганства?
Андрэй Лянкевіч: Я стаўлюся да паганства не як да рэлігіі, а як да светапогляду, своеасаблівага стаўлення да прыроды, стаўлення да наваколля, якое значыць павагу. Але не толькі павагу, а існаванне ў татальнай гармоніі. Гэта змена, але не змена плыняў рэк, не высячэнне лясоў для будаўніцтва новых дамоў, а змена такая, каб нікому не нашкодзіць, каб мы ўсе разам змаглі жыць і існаваць на гэтай зямлі.
Таму для мяне паганства – стыль жыцця, не агрэсіўны, не капіталістычны, такі па-добраму дурны. Ну і што, што мы людзі на Зямлі, у нас ёсць розум, мы маем рукі і ногі, камп’ютары і фэйсбукі, можам усё рабіць – гэта ўсе фігня. Калі не будзе паветра, то мы ўсе разам возьмем і памрэм.
Еўрарадыё: Як вам удаецца з бабулямі, якія, напэўна, адчуваюць сябе вельмі няёмка перад чужынцамі, знайсці свае месца, і так нябачна фатаграфаваць іх і іх абрады. Ці не супраць яны? Як выглядае ваша праца?
Андрэй Лянкевіч: Ну па-першае, прыезд за некалькі дзён да пачатку фотаздымкаў. Самагон, размовы. І ўсё. Бачыце, самае галоўнае, каб людзі адчулі, што я прыехаў з добрымі намерамі, што я разумею, пра што ідзе гаворка, я разумею, чаму яны гэта робяць, і што я не прыехаў як гарадскі паглядзець на дзікіх з вёскі. Трэба паказаць ім, што я такі самы, як яны – гэта павага ў першую чаргу. Вось тое, што я казаў адносна паганства. З першага погляду трэба даць ім зразумець, хто ты і што не будзеш шкодзіць.
Еўрарадыё: А вам палескія бабулі не прапаноўвалі паваражыць разам ці паўдзельнічаць у паганскіх абрадах?
Андрэй Лянкевіч: Пасля выставы ў Падземцы, якая адбылася недзе год таму, мне патэлефанаваў адзін чалавек. У нас з ім была вельмі дзіўная размова. Пасля гэтага ён мне падарыў ручнік, і я да гэтага моманту не ведаю, што з ім рабіць. Ён прапаноўваў паўдзельнічаць у абрадах паганства, з удзелам сапраўдных магічных асоб. Але я трошкі баюся, бо разумею наколькі моцная гэта энергія, і да таго ж разумею, што не гатовы ў гэта ўвайсці. Таму і не ператэлефанаваў яму!
Еўрарадыё: Ваш альбом чорна-белы. Вы калі ехалі ў гэту вёску, адразу ведалі, што будзеце яго рабіць менавіта такім?
Андрэй Лянкевіч: Менавіта, у мяне была стужка, сярэдні фармат, квадратныя кадры. Для кожнай тэмы ты выбіраеш мову, якой будзеш распавядаць. Распавяду вам такую цікавую штуку пра кнігу “Паганства”, прэзентацыя якой пакуль не адбылася ў Мінску. Калі чапаеш нешта такое незразумелае, моцнае, магічнае, усё адразу пачынае вакол цябе скакаць.
Мы вельмі доўга змагаліся за вокладку, таму што на вокладцы фатаграфія жанчыны. І дызайнер Сяргей Шабохін дадаў фантастычную штуку – дадаў срэбра. Калі глядзець на вокладку проста, тады бачна твар. А калі пачынаеш яе трошкі рушыць улева ці ўправа, то твар знікае і атрымоўваецца такая смерць, чорная жанчына з белым тварам. А людзі ў друкарні, калі пачалі яе друкаваць, спынілі працу. Яны сказалі мне, што нібыта ёсць праблема і так нельга рабіць, калі не бачна твару. Спужаліся!
Еўрарадыё: Але, як мы бачым, працу скончылі, кніга надрукавана. Ўсе жывыя! Кнігі яшчэ ў руках не трымалі, але на сайце znyata.com ёсць яе фота, на якім твару акурат і не бачна.
Дарэчы, Вы заяўлялі пра тэму для наступнай кнігі. Гэта беларусы ў Польшчы. Што гэта за людзі? Палітыкі, грамадскія дзеячы альбо таксамапростыя бабулі з вёсак?
Андрэй Лянкевіч: Не, у гэтым сэнсе я адышоў ад палітыкі і апазіцыі і фатаграфаваў звычайных беларусаў: ад самых знакамітых, як Сакрат Яновіч, да вельмі простых і невядомых, звычайных людзей з вёсак.
Проста мне было цікава паглядзець, як яны жывуць, што робяць, што адбываецца ў Польшчы. І аказалася, што я адкрыў для сябе цэлую беларускую цывілізацыю – беларускамоўную, беларускакультурную. Вось пра іх кніга будзе каляровая і вясёлая!
13 кастрычніка 2010
Даша Форман, Дзяніс Дзюба, Варшава
Еўрарадыё
Фота Андрэй Лянкевіч

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-3/940/2333
Текущая дата: 15.11.2024