Белорусский портал в Казахстане

Вяселле па-беларуску становіцца модным



...Ганчар падзяляе кавалак гліны на дзве паловы і дае жаніху і нявесце. Маладыя пішуць на іх свае імёны. Пасля дзве паловы злучаюцца і з гліны ствараецца збанок (гаршчок, бутэлечка — форму выбіраюць маладыя). На атрыманым "посудзе шчасця" жаніх і нявеста пішуць свае пажаданні, пакідаюць малюнкі...

Вось вам і рамантыка, і традыцыі. Прычым нашы, беларускія. І гэта толькі адзін з сімвалічных вясельных элементаў. Такая традыцыя была распаўсюджана на памежжы Беларусі, Латвіі і Літвы: маладыя пасля вяселля ішлі да майстра і рабілі заказ на выраб посуду, з гэтага пачыналася іх сямейная гаспадарка. "Посуд шчасця" жаніхі і нявесты разам з майстрам ствараюць у Траецкім прадмесці, у галерэі рамёстваў "Славутасць", ужо каля дзесяці гадоў.

— Адрадзіць абрад падказаў адзін з нашых майстроў. Мы вырашылі абыграць гэта, зрабіць сучасны матэрыял. Доўга працавалі над тэмай, вывучалі этнаграфію, перабіралі энцыклапедыі, было сабрана шмат матэрыялу пра традыцыі беларусаў, пра вясельныя абрады", — распавядае вядучы спецыяліст галерэі "Славутасць" Марына Каржанеўская.У выніку абрад, які называецца "Посуд шчасця" ці "Начынне шчасця", увабраў у сябе некалькі вясельных элементаў. Маладыя тут не проста замаўляюць посуд, а як бы спраўляюць вяселле па-беларуску, няхай і ў скарочанай форме.

За той час , што яны праводзяць у галерэі, даведваюцца пра многія беларускія традыцыі, без якіх раней не абыходзілася вяселле. "Даволі часта людзі і не ўяўляюць, які гэта глыбінны пласт, і якая тут моцная энергетыка", — заўважае Марына Дзмітрыеўна.

Вядома, некаторыя элементы старадаўніх абрадаў працягваюць існаваць і ў сучасных вяселлях. Яны захавалі традыцыйную форму, а змест абрадаў нам часта невядомы (а нашы продкі ведалі, што ўсім дзеям надаецца пэўны сэнс). Вы не хочаце, каб ваша вяселле прайшло па банальнай схеме "загс-фатаграфаванне-застолле"? Можа, варта ўзгадаць і пра традыцыі?

Падчас вяселля можна было рабіць прагнозы на тое, якім будзе жыццё маладой пары. Напрыклад, куфар "падказваў" бацькам жаніха, як ставіцца да маладой нявесткі. У ім ляжаў пасаг нявесты — рэчы, зробленыя яе рукамі. З самага юнага узросту яна спасцігала ўсе сакрэты, якімі павінна валодаць гаспадыня. Да 16-17 гадоў, калі дзяўчыну ўжо маглі выдаць замуж, яна павінна была напоўніць куфар, падрыхтаваць падарункі родным і сябрам мужа. Потым куфар везлі ў дом жаніха.

" Маладая, калі ўваходзіла ў хату мужа, павінна была паказаць, што яна шмат чаго можа. Тое, што шчыра дорыць, зроблена яе рукамі. Гэта сведчыла, якой яна будзе гаспадыняй. Таму куфар быў неад`емнай часткай вяселля, — распавядае Марына Каржанеўская. Вось і ў абрадзе, што праходзіць у Траецкім прадмесце, без яго не абыходзіцца. На куфар саджаюць нявесту. Прынамсі, трэба яшчэ ўмець на яго ўдала сесці. Раней падчас такіх "пасядзелак" радня мужа магла рабіць выснову, што за нявестка прыйдзе ў хату. Калі туліцца на самым краю куфра, вочы долу апускае, саромеецца — тады ёй можна памыкаць, а калі села падбачэнілася, важна, з усмешкай на ўсіх паглядае, мужа побач з сабой трымае, — то адзначалі — такой не пакіруеш. Ды і па жаніху можна было меркаваць, што за муж з яго выйдзе. Калі побач з нявестай стаіць — значыць будзе яе падтрымліваць, гаспадарку маладым весці разам. А калі проста нявесту на куфры кіне і ўбок адыдзе — відаць, такому зручней усе хатнія справы перакінуць на жонку. Вось такая народная мудрасць.

Няхай куфар у сучасным абрадзе, што праходзіць у галерэі, напоўнены не самой нявестай, і ручнік, з якога робіцца брама, пад якой маладыя загадваюць жаданне, не самаробны. Але тут маладыя знаёмяцца з сапраўднымі традыцыйнымі рэчамі. Так на ручніках — старадаўняя вясельная сімволіка.

— Ручнік — гэта не проста кавалак палатна, не анучка. Гэта істота, у ім — магутная энергетыка. Нашы продкі рабілі ручнікі з нейкім пасылам. Напрыклад, калі вёсцы пагражала няшчасце, хвароба, жанчыны збіраліся ўсім светам і з заходу сонца да світання ткалі ручнік — абыдзённік. І людзі, расказваюць, што тады праблемы абыходзілі іх. Тое ж самае і з вясельным ручніком, — заўважае Марына Дзмітрыеўна. — Вельмі радуе, калі маладыя прыносяць ручнік, які застаўся ад бабулі ці прабабулі. Ён можа быць і не з вясельным матывам, але такі намолены, старадаўні, мае сваю энергетыку, бачна, што маладыя надаюць гэтаму вялікую ўвагу.

Прынамсі, раней яшчэ да вяселля дзяўчына магла вышываць некалькі ручнікоў. Калі яна адчувала, што ёй усур`ёз зацікавіўся хлопец — вышывала на палатне птушак, што адна за адной ходзяць. Калі адносіны не складуцца — вышытыя птушачкі разлятаюцца ў розныя бакі. Але ў маладых, што ўдзельнічаюць у абрадзе, на ручніку птушачкі глядзяць адна на адну, а ў цэнтры вышытыя дрэва альбо вазон — сімвал новай сям`і. Між іншым, часам маладыя замаўляюць сабе імянны вясельны ручнік (ён ствараецца спецыяльна для іх, побач з вясельнай сімволікай вышываюцца імёны жаніха і нявесты і дата іх вяселля).

Даволі часта маладыя пары замаўляюць абрад на беларускай мове. Так, у хуткім часе павінна адбыцца вяселле беларускай дзяўчыны і рускага хлопца. Прычым хлопец заўважыў: "Калі гэта беларускі абрад, няхай ён праходзіць на беларускай мове. Я думаю, што маім гасцям, якія прыедуць з Расіі, гэта будзе цікава і прыемна. Калі яны што і не зразумеюць, я патлумачу".

Відаць, малады чалавек адчувае, што ўсё мае значэнне. На роднай мове абрад "грае" зусім па-іншаму. Вясельныя абрады ў беларускім духу тут праводзяцца амаль кожны тыдзень, часам па некалькі пар на дзень. Хто ведае, можа праз некаторы час адродзіцца цікавасць да нацыянальных вясельных касцюмаў. Прынамсі, традыцыйнае галаўное ўбранне нявесты могуць прымераць ужо і зараз. Вы б бачылі, як саламяны вяночак мяняе нявест. Яны — сапраўдныя князёўны!

Алена Дзядзюля
Звязда

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-3/946/1951
Текущая дата: 15.11.2024