Белорусский портал в Казахстане

Выйшаў двухтомнік Ларысы Геніюш



Да 100-годзьдзя выдатнай беларускай паэткі Ларысы Геніюш выйшаў у сьвет збор яе твораў у двух тамах: вершы і паэмы, выбранае з прыжыцьцёвых кніг, з публікацыяў у пэрыёдыцы, лісты, а таксама 74 вершы, якія публікуюцца ўпершыню.

Гэты двухтомнік — самае поўнае, жанрава разнастайнае, тэксталягічна апрацаванае і пракамэнтаванае выданьне яе спадчыны.

Двухтомнік Ларысы Геніюш выдадзены ў сталічным выдавецтве "Лімарыус" накладам у 400 асобнікаў. Першы том склалі вершы і паэмы. У 1967 годзе тады яшчэ літаратурны кансультант "Гродзенскай праўды" Васіль Быкаў пісаў Ларысе Геніюш: "Ганаруся вашай залатой паэтычнай жылачкай..."

Выданьне сапраўды ўнікальнае — 74 вершы, знойдзеныя ў аддзеле рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі Нацыянальнай Акадэміі навук, друкуюцца ўпершыню. У кнізе зьмешчана шмат рэдкіх здымкаў — ад студыйнага партрэту прыгожай жанчыны, зробленага ў 1939 годзе ў Празе, да здымку яе лягернай кашулі з нашытым на сьпіне арыштанцкім нумарам...

Распавядае ўкладальнік двухтомніка паэт Міхась Скобла: "Спадчына Ларысы Геніюш — як калодзеж: на паверхні толькі некалькі цыбравінаў, астатнія — на глыбіні. У двухтомніку, акрамя невядомых вершаў, упершыню друкуюцца 112 лістоў, зьмешчаныя каля паўсотні невядомых здымкаў, за якія хачу падзякаваць унуку паэткі Міхасю Геніюшу. Безумоўна, усё гэта надае вагі гэтаму выданьню. Згадваю, як напачатку юбілейнага году мы сядзелі і размаўлялі зь Міхасём Геніюшам у занесенай сьнегам вёсачцы пад Беластокам. Я спытаўся ў свайго цёзкі — які галоўны жыцьцёвы ўрок атрымаў ён ад свае бабулі? І ён адказаў: бабуля наказвала ўнуку — трымайся праўды! Праўду не закапаеш і не сашлеш у Гулаг. Ларыса Геніюш перамагла — праўдай".

У другім томе зьмешчана проза: дакумэнтальная аповесьць "Споведзь" і лісты паэткі, у тым ліку да Васіля Быкава, Максіма Танка, Рыгора Барадуліна, Зоські Верас, Дануты Бічэль, да тагачаснага амбасадара ЗША ў Чэхіі Лорэнса Стайнгарда.

Выданьне выйшла пры дапамозе паэта Ўладзімера Някляева.

"Я вельмі паважаю Ларысу Геніюш як асобу, як жанчыну, як паэта ва ўсіх ракурсах і аспэктах. Але тое, што яна напісала сваю "Споведзь"... Калі ўпершыню я яе прачытаў — а гэта даўно было — я проста ўздрыгануўся. У гэтай споведзі я ўбачыў чалавека, які патрабавальны перш за ўсё да самога сябе, жанчыну, якая была патрабавальная да самой сябе і не шкадуе самой сябе ў праўдзе гэтага жыцьця. І вось, прачытаўшы яе "Споведзь", я закахаўся і вельмі-вельмі пашкадаваў, што празь вельмі дробязныя абставіны мне нешта замінала з вучобы да яе пад`ехаць, ці яшчэ нешта, я ня здолеў зь ёю спаткацца. Гэта, можна лічыць, нейкі недахоп прысутнасьці яе ў маім сьвеце, у такім фізычным абліччы, каб я мог зірнуць ёй у вочы, пачуць яе словы. Цяпер гэта адбываецца толькі праз кнігі..." - заявіў Някляеў.

7 жніўня, напярэдадні дня народзінаў Ларысы Геніюш, у Зэльве адбудуцца ўрачыстасьці, у тым ліку і імпрэза ў Доме культуры.

Паэт Міхась Скобла кажа: "Пасьля таго як 4 жніўня зэльвенскія ўлады сарвалі мэмарыяльную шыльду з хаты Ларысы Геніюш, я сумняваюся, ці маем мы маральнае права браць удзел у афіцыйным мерапрыемстве ў Доме культуры, якое арганізуе райвыканкам. Гэта вырашыцца на экстраным паседжаньні аргкамітэту, якое адбудзецца заўтра".

Урачыстасьці ў Зэльве распачнуцца 7 жніўня а 10-й раніцы з памінальнай службы ў Сьвята-Троіцкай царкве. Тамсама будзе адкрыта мэмарыяльная экспазыцыя, прысьвечаная Ларысе Геніюш.

Радыё Свабода
05.08.2010 15:30
Іна Студзінская

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-3/958/1543
Текущая дата: 25.12.2024