Белорусский портал в Казахстане

Да Дня роднае мовы



Хведар Нюнька: “Я прыйшоў да беларушчыны менавіта дзякуючы беларускай школе”

ЗБСБ
Хведар Нюнька: “Я прыйшоў да беларушчыны менавіта дзякуючы беларускай школе”  

Напярэдадні Міжнароднага дня роднай мовы Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” арганізавала сустрэчу са старшынём Таварыства беларускай культуры ў Літве Хведарам Нюнькам. Галоўны беларус Вільні падзяліўся ўспамінамі пра свой шлях да беларушчыны.
 
- Раскажыце, калі ласка, пра свой шлях да беларушчыны.
 
- Да беларушчыны я прыйшоў у даволі складаны перыяд гісторыі. Нарадзіўся я і выхоўваўся дзесьці да 13 гадоў у польскім асяроддзі. Бацькі мае былі беларусы, але яны хацелі, каб сын мог мець кар’еру. З беларускай мовай такой перспектывы не было, таму са мной гаварылі па-польску, і школа была польскай. Да 13 гадоў я іначай як па-польску не ўмеў і не гаварыў. Вось ужо ў 1942 годзе, у часе вайны, замест польскай школы адчынілі беларускую. Дарэчы ў той час другіх школ як беларускіх не было наогул. Беларускіх школ па Беларусі было больш тысячы. І калі пытанне стаіць, як я прыйшоў да беларушчыны, менавіта дзякуючы беларускай школе. Там настаўнікі былі вялікімі патрыётамі Беларусі і беларускасці. Я пачуў гісторыю і зразумеў, што гэта мой народ, мая мова. І тады, можна сказаць, я актыўна далучыўся да беларускага руху. Не гледзячы на тое, што мне тады было 14 год, я паступіў у Беларускую Самапомач. Гэта была дабрачынная арганізацыя. І таму калі цяпер я чытаю пра тое, як ацэньваюць яе дзейнасць у некаторых сродках масавай інфармацыі, я заўсёды абураюся, таму што я сам стаяў у вытокаў яе заснавання і даволі актыўна ўдзельнічаў у гэтай арганізіцыі. Гэта было маё першае далучэнне да беларускасці. Актыўнае далучэнне. Дзякуючы валоданню нямецкай мовай, я мог карыстацца тымі магчымасцямі, якія стваралі ваенныя ўмовы, то бок я мог ісці да немцаў і клапаціцца не толькі пра сябе, а і пра людзей. Вось такі быў пачатак маёй дзейнасці.
 
- Якім чынам вы апынуліся ў Вільні?
 
- У сувязі з тым, што былі партызаны, былі таксама банды, якія не столькі ваявалі з немцамі, колькі старалісь знішчыць беларускую інтэлігенцыю, свядомых беларускіх актывістаў, к канцу 1943-га года, можна сказаць, цвет беларускай нацыі, актыўныя беларускія дзеячы былі зліквідаваны. То бок гэтыя банды прыходзілі ў кватэры або на вуліцы і дзе нажом, дзе з пісталета забівалі нашых людзей. Таму з’явілася рэальная пагроза для жыцця майго бацькі. У вёсцы былі знаёмыя акруговыя сяляне. Бацька добра ведаў іх, бо ён меў сваю краму, і туды часта прыходзілі купляць, і яны сказалі, што збіраюцца забіць бацьку. І тады дзякуючы таму, што я ведаў нямецкую мову, удалося атрымаць дазвол і ўцячы са Шчучына, дзе тады я жыў, у Вільню. У Вільні заставаліся лічаныя месяцы да таго, як прыйшла Чырвоная Армія. І вось за гэты перыяд, за 50 гадоў, усё беларускае, што было ў Вільні, было знішчана. А было тут шмат чаго: Беларуская гімназія, Навуковае таварыства, беларускі касцёл, дзе праходзілі службы на беларускай мове,  беларускі банк існаваў у свой час, выдавалася шмат беларускіх газет. Таму, можна сказаць, што ў міжваенны час беларускае жыццё віравала ў Вільні. Усё гэта было ў адначасье забаронена, закрыта. Беларускія дзеячы былі арыштаваны і сасланы, або яны заставаліся без работы і вымушаны былі, калі гэта былі настаўнікі, пайсці працаваць ў польскія або рускія школы. Гэта працягвалася амаль паўстагоддзя.
 
- Як Вы сталі старшынём ТБК?
 
- У момант, так скажам, лібералізацыі ці больш вольнага руху, калі рушылася Савецкая імперыя, я пачуў, што будзе сход, на якім будуць прысутнічаць дзеячы з Беларусі. Я пайшоў на гэтую сустрэчу і пабачыў там Вінцука Вячорку і іншых дзеячаў. Калі я ўбачыў у іх значак “Пагоня” і пачуў беларускую мову, у адзін момант у маёй памяці ўсё ўскалыхнулася. Я ўзгадаў перыяд адраджэння, бо гэта сапраўды было сапраўднае беларускае адраджэнне, я маю на ўвазе 1942-43-і год. Пасля гэтага быў заснаваны беларускі клуб “Сябрына”. Потым, 4 лютага 1989-га года было заснавана Таварыства беларускай культуры. І паколькі нікога не было, хто б падыходзіў больш, чым я, то часова мяне прызначылі старшынём Рады. Так атрымалася, што часова зацягнулася на 21 год.
 
- Што Вы лічыце сваім найбольшым дасягненнем?
 
- Па-першае, тое, што мы атрымалі памяшканне для нашай арганізацыі. Яно з’яўляецца нашай ўласнасцю. Як ні дзіўна, у міжваенны час, калі тут было актыўнае беларускае жыццё, беларусы на самой справе не мелі ні аднаго квадратнага метра сваёй плошчы. Цяпер умовы далёка не  такія спрыяльныя, як у той час. Але памяшканне ўдалося атрымаць. Акрамя таго, мы атрымалі пляц пад забудову беларускага культурнага цэнтра імя Якуба Коласа. Вось цяпер шукаю спонсараў, хто бы мог на выгадных для сябе ўмовах пабудаваць. Мы маем пляц, але на пляцы яшчэ трэба пабудаваць сам будынак. У мінулым годзе я атрымаў адзначэнне  за ўклад у культуру Вільні, адзін з 29-і нацыянальнах суполак. Гэта нечаканае прызнанне нашай працы.  Вось так мы і працуем. Кожны месяц у апошнюю суботу месяца адбываецца імпрэза, а ў першую суботу – пасяджэнне Рады.

Гутарыла Таццяна Печанко
-----------------------------------------------------------------
Лідэр беларусаў Літвы: “Мы стаім ніжэй за цыганоў”
 
Кастусь ЛАШКЕВІЧ          ТUT.BY
 
Дзякуючы гэтаму ўнікальнаму чалавеку спалучэнне "беларуская Вільня" сёння — не проста глава з падручніка па гісторыі мінуўшчыны. Нязменны старшыня Хведар Нюнька нарадзіўся 6 красавіка 1928 года ў сялянскай сям’і ў вёсцы Алешавічы Мастоўскага раёна. З 1943 г. — у Вільні. Скончыў Літоўскую сельскагаспадарчую акадэмію ў Каўнасе (1953). 3 1959 па 1992 гг. працаваў у праектных інстытутах Вільні, галоўны спецыяліст па каштарысах. Нязменны старшыня Таварыства беларускай культуры ў Літве (з 1989). Сябра Прэзідыуму Рады БНР (з 1997). Летась атрымаў з рук мэра Вільні ўзнагароду “За заслугі для Віленскай самаўправы”.

Таварыства беларускай культуры ў Літве Хведар Нюнька, пераняўшы эстафету ад апошніх адраджэнцаў даваеннай хвалі, болей за 20 год узнаўляе і захоўвае беларускае жыццё ў старадаўняй сталіцы ВКЛ і цэнтры нашага адраджэння пачатку XX стагоддзя. За сваю руплівую шляхетную дзейнасць ён заслужыў павагу не толькі суродзічаў, але і літоўцаў. Не дзіва, што на арганізаваных ім мерапрыемствах рэгулярна прысутнічаюць кіраўнікі літоўскай дзяржавы.

Напярэдадні Дня роднай мовы "ЗБС "Бацькаўшчына" наладзіла ў Мінску сустрэчу са старшынём ТБК. Перад самым ад’ездам у Вільню спадар Хведар знайшоў час, каб адказаць і на пытанні карэспандэнта TUT.BY.

“Беларусы так і не здолелі ўстаць з кален”
 
— На днях новы кіраўнік літоўскага МЗС Аўдронюс Ажубаліс заявіў, што Вільня належыць не толькі літоўцам, а таксама беларусам, палякам, габрэям і расійцам — усім нацыям, якія там спрадвеку жылі. Здаецца, ці не ўпершыню буйны літоўскі палітык прызнаў і наша права на Вільню. Ці сведчыць гэта аб змене стаўлення літоўцаў да гэтага канфліктнага пытання?
 
— Я б сказаў, што пазіцыя яшчэ не змянілася, але мяняецца. Ажубаліс, якога я добра ведаю яшчэ па сейму, быў не першым, хто сказаў пра гэта. Яшчэ ў верасні на Чацвёртай канферэнцыі беларусаў Балтыі прэм’ер-міністр Андрус Кубілюс заявіў, што Вільня — сталіца не толькі літоўцаў, але і беларусаў. Вось тады я, сапраўды, чуў падобную заяву ад буйных палітыкаў упершыню.
 
Доўгі час у Літве шматтысячнымі накладамі выходзілі падручнікі па гісторыі, дзе пра беларусаў, славянскае насельніцтва ніводным словам не паміналася. Быццам нас ніколі не існавала. Гісторыкі свядома замоўчвалі гэтае пытанне. Цяпер зрухі відавочныя.
 
Пры гэтым заўважу, што непавагі да сябе з боку літоўцаў, як беларусы на Беласточчыне ад палякаў, мы не адчувалі ніколі. Ні да мовы, ні да нацыі. Той жа Кубілюс, іншыя прадстаўнікі літоўскага кіраўніцтва цягам апошніх 20 год рэгулярна наведваюць нашы мерапрыемствы.
 
— Дык што ж прымусіла літоўцаў змяніць прынцыповую пазіцыю ды загаварыць і аб праве беларусаў на Вільню, спадчыну Вялікага Княства?
 
— У гады незалежнасці на Беларусі нарэшце пачалі з’яўляцца прафесійныя працы, у якіх прыводзяцца неабвержныя сведчанні нашай прысутнасці ў гісторыі ВКЛ. Таксама сталі ладзіцца сустрэчы беларускіх, літоўскіх, польскіх і ўкраінскіх гісторыкаў, дзе былі прадстаўлены самыя розныя погляды. Канечне, літоўцам постфактум вельмі цяжка пераглядаць уласную гістарыяграфію, якая доўгія дзесяцігоддзі ні ў каго не выклікала сумневаў, аднак іх погляды мяняюцца. Нават у такіх апалагетаў падыходу “толькі літоўцы”, як Бублаўскас і Гудавічус.
 
Ёсць і такі момант. Калі ў пачатку 1990-х беларуская інтэлігенцыя скіравалася ў Вільню з заклікамі “Горад наш!”, менавіта ў беларусах літоўцы бачылі пагрозу для сваёй сталіцы. Не ў паляках, бо пасля вайны ўся польская інтэлігенцыя — 170 тысяч чалавек — з’ехала ў Польшчу. Цяпер, калі прайшло 20 год, усё перавярнулася дагары нагамі. Беларусы так і не здолелі ўстаць з кален, а літоўскія палякі дзякуючы падтрымцы польскай дзяржавы дамагліся сапраўднага прарыву. Раней Віленскі край быў у асноўным беларускамоўным. Цяпер тут дзейнічае больш за 100 польскіх школ. На пабудову шыкоўнага Дома польскай культуры ў Вільні Польшча вылучыла 9 млн даляраў. Адчыніўся тут і польскамоўны філіял Беластоцкага ўніверсітэта, суперсучасная школа імя Яна Паўла ІІ...
 
Заканамерна, што падчас апошняга перапісу насельніцтва 61% жыхароў Віленскага раёна запісаліся палякамі, у Салечніцкім і таго больш — 80%. Хаця відавочна, што гэта не чыстыя палякі, і пры наяўнасці іншага ладу ў Беларусі яны маглі б запісацца беларусамі. На выбарах у гэтых раёнах “польскія” дэпутаты прайшлі ў сейм, а іх лідэр Вальдэмар Тамашэўскі трапіў у Еўрапарламент.
 
“Повылазили тут из щелей со своей "беларускай мовай"
 
— А што ж беларуская грамада?
 
— У нас сітуацыя крытычная. Паводле статыстыкі 1989 года, беларусамі ў Літоўскай ССР сябе лічылі 63 тысячы чалавек. Потым лічба скарацілася да 55 тысяч, сёння гэта 42 тысячы. Беларусы асімілююцца: хто пад палякаў, хто пад літоўцаў.
 
У той час, як у польскіх школах — конкурс, Віленская СШ імя Францыска Скарыны, дзе сёння навучаюцца блізу 150 вучняў, штогод ледзь набірае дзяцей у першы клас. Усё часцей даводзіцца чуць ад людзей: “А нашто нам тут беларуская школа, калі ў самой Беларусі яна не патрэбна”.
 
Аднойчы, едучы на цягніку з Мінска, запытаўся ў дзяўчыны, чаму беларусы не ідуць у беларускія школы. “Бо на тых, хто аддае дзяцей у беларускія класы, глядзяць, як на ненармальных”, — адказала яна.
 
— То бок, праўду кажуць, што нацыянальныя дыяспары ёсць люстэркам метраполіі?
 
— На жаль, што да салідарнасці і свядомасці, у нас ёсць тое, што і ў Беларусі.
 
Кожны прыезд у Мінск мяне засмучае. Я не чую тут мову дзядоў, не бачу гістарычнага вобраза Беларусі ў назвах вуліц, помнікаў нацыянальным героям, не адчуваю беларускага духу. Раз ехалі ў мінскім метро з сяброўкай. Поўны вагон народу, мы паміж сабой размаўлялі па-беларуску. Раптам устае стары ды на нас: “Повылазили тут из щелей со своей “беларускай мовай”. В тюрьму вас надо!”
 
Сітуацыя з беларускай мовай у Беларусі проста катастрафічная. Мне часта выпадае сустракацца з беларускімі дэмакратамі. Яны добра валодаюць мовай, аднак між сабой гавораць у асноўным па-руску. Літовец, паляк ніколі гэтага не зразумее. Цыганы, якія ніколі не мелі дзяржаву, і тое міжсобку па-цыганску гавораць. Выходзіць, мы ніжэй за цыганоў стаім.
 
Літоўцы заўсёды рабілі націск на абавязковае веданне літоўскай мовы, бо разумелі, што мова робіць цуды і ўмацоўвае незалежнасць. Калі перад Другой сусветнай вайной літоўцаў у Вільні было каля 2 працэнтаў, то цяпер блізу 70. Тое самае атрымалася з Клайпедскім краем, дзе спрадвеку панавала нямецкая культура. Цяпер ты ўжо не звяртаеш увагу на архітэктуру, бо там паўнавартасная Літва.
 
Нагадаю, што ў Беларусі і Літве амаль у адзін час прынялі законы, якія надавалі беларускай і літоўскай мове статус адзінай дзяржаўнай. Пры тым у Літве пад літуанізацыю адводзілася пяць гадоў, а ў Беларусі пад беларусізацыю — 10. Са зменай улады ў Мінску праграма была згорнута, а ў Літве паспяхова ажыццёўлена. Калі яшчэ 20 гадоў назад па-літоўску ў Вільні гаварыла ў асноўным інтэлігенцыя, то цяпер і чорнарабочыя.
 
Беларус які па сваёй прыродзе? Прыйдзеш да яго ў краму, звернешся да яго на мове, ён як на ненармальнага будзе на цябе глядзець. Літоўцы ж наадварот. Ты толькі па-літоўску слова скажаш, як ён табе ўжо з-пад прылаўка лепшае выцягвае.
 
“Без Беларусі мы Вільню не адродзім”
 
— Спадар Хведар, ці правільна я зразумеў з вашых слоў, што адраджэнне беларускай Вільні магчыма толькі пры ўдзеле беларусаў з Беларусі?
 
— Канечне, сваімі сіламі мы беларускую Вільню не адродзім. За прамінулыя 50 гадоў, калі ўсё наша было пад забаронай, адышлі два пакаленні свядомых беларусаў. Не стала сапраўдных патрыётаў, якія за беларушчыну ішлі ў лагеры ды гінулі са словамі “Жыве Беларусь!”. Таму без Беларусі нічога не будзе. Мы можам толькі дапамагчы.
 
Палякі, літоўцы даюць велізарную дапамогу сваім суайчыннікам, нацыянальным суполкам за мяжой. Ёсць “карта паляка”. Падобныя льготы існуюць для суродзічаў і ў Літве...
 
— А вам беларуская дзяржава нечым дапамагае? Ці звярталася да вас наша амбасада з нейкімі прапановамі?
 
— Калі на пачатку 1990-х часовым павераным Беларусі ў Літве быў Уладзімір Шчасны, паміж намі існавалі добрыя адносіны. Аднак з прыходам новай улады стасункі пагоршыліся, і ўжо недзе 13 год ніякіх кантактаў няма.

 
— Як вы ставіцеся да з’яўлення “першага беларускамоўнага міністра” спадара Латушкі?
 
— Мы вітаем гэты факт, і пры нагодзе я б не адмовіўся з ім пагаварыць. Аднак, думаю, міністр мае вельмі абмежаваныя магчымасці і, наўрад ці, можа карэнным чынам нешта змяніць без рэзалюцыі зверху.
 
— Што чакае Беларусь і беларусаў у бліжэйшай перспектыве?
 
— Прычына ўсіх нашых бед — нізкая нацыянальная свядомасць — вынік тых прыніжэнняў і знішчэнняў, што беларусы перанеслі за апошнія 200 гадоў.
 
Я ўпэўнены, што без беларусізацыі, павышэння самасвядомасці і прэстыжу краіны на міжнароднай арэне ні Беларусь, ні суайчыннікаў за мяжой нічога добрага не чакае.
 
Разумею, што беларусізацыю цяжка зрабіць хутка, як хацеў Пазняк, але і дабравольным гэты працэс не бывае. Няхай гэта будзе не прынука, але стымуляванне. Няхай настаўнікі, службоўцы атрымліваюць надбаўкі за ўжыванне беларускай мовы. Хаця і пэўныя правілы таксама неабходны. Напрыклад, калі на працоўным месцы ў Літве вы гаворыце не на дзяржаўнай мове, вас могуць аштрафаваць. Калі замежны фільм па тэлевізіі транслююць без літоўскіх субцітраў — зноў штраф.
 
Каб у беларусаў сёння была самасвядомасць, роўная літоўскай, усё было б інакш. У змаганні за незалежнасць, за лёс нацыі літоўцы былі, як кулак. А што ў нас? Апазіцыя, якая колькі гадоў не можа між сабой дамовіцца і праз бясконцыя сваркі страціла рэйтынг ды імідж...
 
Нюнька ўспамінае:
 
— Бацькі выхоўвалі мяне ў польскім духу, бо лічылі, што ў панскай Польшчы гэта дазволіць зрабіць кар’еру. Да 13 год я размаўляў па-польску.
 
Прыход Чырвонай Арміі ў Шчучын у 1939-м успрымалі як свята. Чырвонаармейцаў і першыя два савецкія танкі ў мястэчку сустракалі з кветкамі. Ад бела-чырвоных польскіх сцягоў аддзіралі белую паласу ды вывешвалі чырвоныя анучы. Бацьку Якуба, які меў уласную краму, прапанавалі на каменданта Шчучына. “Што ж далей будзе? — запытаўся бацька ў камісара. — Як гандлявалі, так і будзеце гандляваць”. Не паспеў адчыніць краму, як салдаты ды прыезджыя з БССР усё размялі. У лічаныя дні ўсе крамы спусцелі. Памятаю, як я гадзінамі стаяў за соллю. З кватэры нас таксама выкінулі. Бацька ўладкаваўся на цяжкую працу на лесанарыхтоўцы — беларускае багацце пёрлі ў саюзную Нямеччыну.
 
***
У 42-м годзе заміж польскіх школаў з’явіліся сотні беларускіх. У голадзе і холадзе настаўнікі-патрыёты вучылі нас мове і гісторыі, прышчаплялі нам любоў да Бацькаўшчыны. Там я стаў беларусам і мяне абурае, калі сёння іх усіх пад адну грабёнку называюць калабарантамі, здраднікамі.
 
Хлусня, яны нікому не здраджвалі! Менавіта беларускія дзеячы, а не немцы пацярпелі найбольш ад партызанскіх акцый. Дзеля іх памяці я і працую ўсё жыццё.

Зусім іншыя — падонкі ў паліцыі вынішчалі мясцовых жыдоў. Адзін такі нелюдзь, чысты бандзюга, да вайны займаўся лоўляй сабак. Атрымаўшы ад немцаў паліцэйскую форму, ён пачаў гэтак жа спакойна мардаваць людзей.
 
Напрыканцы 1943-га я даведаўся, што нас з бацькам жадаюць забіць, і мы пераехалі ў Вільню…
 
***
У 1944-м, калі ў Вільню прыйшлі Саветы, усё беларускае — Луцкевічаў музей, газеты, школкі, арганізацыі — было зачынена. Беларускіх дзеячаў пачалі высылаць у канцлагеры. У наступныя паўстагоддзя не выйшла ніводная старонка па-беларуску, усё наша было пад забаронай.
 
Літоўскім нацыянал-бальшавікам на чале з Антанасам Снечкусам Масква дазволіла разгортваць нацыянальную дзейнасць. Нават уезд у рэспубліку абмежавалі, таму, у адрозненне ад Латвіі і Эстоніі, колькасць расійцаў у Літве ніколі не перавышала 9%. У той жа час любое беларускае слова разглядалася як праява нацыяналізму. Тыя з беларускіх дзеячаў, хто выжыў у лагерах, вярталіся дадому і дажывалі век.
 
***
Гарбачоўская перабудова прынесла перамены. Тыя беларускія “недабіткі” — найперш легендарная дзеячка “нашаніўскай” пары Зоська Верас і сын айца нашай дзяржаўнасці Антона Луцкевіча Лявон — утварылі спачатку клуб “Сябрына” (1988). 4 лютага 1989 года было заснавана Таварыства беларускай культуры ў Літве…
 
 
Аўтар дзякуе кіраўніцтву МГА “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” Алене Макоўскай і Ніне Шыдлоўскай за дапамогу ў арганізацыі інтэрв’ю.
 

 

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-3/966/248
Текущая дата: 14.11.2024