Белорусский портал в Казахстане

«Песняры», Гюнэш і Вайцюшкевіч на адной сцэне



15 мая ў Дзяржфілармоніі (Незалежнасці, 50) адбудзецца вялікі вечар-успамін, прысвечаны класіку эстрады - Ігару Паліводзе.

Поп-опера «Максім» паводле Багдановіча, што на пачатку 90-х зрабілася падзеяй культурнага жыцця краіны, цыкл «Беларушчына» паводле Купалы, песні на вершы Роберта Бёрнса, выкананыя «Песнярамі», шлягеры «Талака», «Сівы голуб», «Песня скрыпача»… Іх аўтар — Ігар Палівода (1950-1996) — кампазітар і піяніст, удзельнік ансамбля «Песняры» і аркестра на чале з Міхаілам Фінбергам.

15 мая ў Дзяржфілармоніі (Мінск, Незалежнасці, 50) адбудзецца вялікі вечар-успамін, прысвечаны класіку эстрады. Адкрые канцэрт Гюнэш з песняй на вершы Багдановіча «Па-над белым пухам вішняў». Потым у поўным складзе выступяць «Песняры», запяюць песні на музыку або аранжыроўку Ігара Паліводы. Падрыхтаваны і сюрпрыз — збольшага невядомая праграма на народныя словы «Нёман», цыкл з 8 песень, у выкананні Нацыянальнага акадэмічнага Народнага аркестра імя Жыновіча пад кіраўніцтвам прафесара Міхаіла Казінца.

«Сам аўтар літаратурных дзённікаў і вершаў, Ігар заўсёды раўняўся на класікаў, а таксама на творчасць Барадуліна, Някляева, Гілевіча, — кажа Вольга Палівода, удава кампазітара. — Разам з тым адчуваў хараство словаў народных песень, дасканаліў да іх мелодыі».

На канцэрце, прысвечаным Ігару Паліводзе, таксама выступіць Зміцер Вайцюкевіч са шлягерам «Дробна-Драбніца».

«Артыстычнасць Вайцюшкевіча на маю думку вельмі пасуе стылю Ігаравых песняў», — дадае Вольга Палівода. — А Гюнэш — ці не адзіная на нашай эстрадзе, якая можа менавіта ўжывую яскрава спяваць».

Завяршыцца свята беларускай эстрады супольным выканнем усіх удзельнікаў канцэрту песні «Талака». Каб паслухаць песні выбітнага камапазітара ў выкананні найлепшых эстраднікаў краіны трэба выдаткаваць усяго-толькі ад 6 да 25 тыс. Пачатак а 19-й.

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-3/966/653
Текущая дата: 24.12.2024