Белорусский портал в Казахстане

Катынь



Беларуская дэлегацыя мусіла быць на памятным мерапрыемстве ў Катыні.

Пытанне ў тым, ці мы ўспрымаем гісторыю і сутнасць нашай краіны як цэлае.

У Катыні прайшлі мэмарыяльныя мерапрыемствы з нагоды 70-годзьдзя расстрэлу афіцэраў войска польскага ў Катыні. Беларускай дэлегацыі на мерапрыемстве, мяркуючы па ўсім, не было.

Гэта пры тым, што сярод афіцэраў войска польскага, забітых у Катыні, было шмат людзей з Заходняй Беларусі. У прыватнасьці, з двух расстраляных генэралаў адным быў Браніслаў Багатырэвіч з Гародні, які кіраваў мясцовай самаабаронай у 1918–19 гг. Таксама ў Катыні быў расстраляны беларускі літаратар і публіцыст Францішак Умястоўскі. Паводле ацэнак гісторыкаў, з 14,5 тыс. забітых чырвонымі ў 1940 г. польскіх вайскоўцаў прыкладна чвэрць складалі выхадцы зь Беларусі.

Больш за тое, расстрэл афіцэраў войска польскага ў 1940 г. ня быў першым на тым месцы: забойствы ў Катыні адбываліся яшчэ ў 30-я гады. У тым ліку, паводле гісторыкаў, сярод ахвяраў былі дзеячы беларускага нацыянальнага руху Смаленшчыны.

Афіцыйныя беларускія ўлады ігнаруюць Катынь — а разам з гэтым дачыненьне тых падзей да сваёй краіны.

Нават з позірку на геаграфічную карту відавочна, што Беларусь была ў цэнтры падзеяў 70-гадовай даўніны, але ўсё роўна Катынь выступае як аспэкт выключна расейска-польскіх стасункаў.

Беларусь фігуруе ў навінах пра памятныя мерапрыемствы толькі ў назьве «Беларускага сьпісу» — рэгістра ахвяр, расстраляных саветамі на тэрыторыі Беларусі. Пра тое, каб запрашаць афіцыйную беларускую дэлегацыю, арганізатарам памятных мерапрыемстваў, падобна, нават у галаву не магло прыйсьці.

І гэта ня іх віна, а віна беларускіх уладаў.

Добра, што хоць беларуская грамадзкая супольнасьць пра Катынь памятае, хаця і тут падчас пары назіраецца спакуса выракчыся нашых землякоў толькі за тое, што ня ўсё зь іх успрынялі ідэі па-сялянску і сацыялістычна афарбаванага беларускага нацыянальнага адраджэньня пачатку ХХ стагодзьдзя і што яшчэ меншая частка зь іх сымпатызавала заходнебеларускім сэпаратыстам. Праўда, яшчэ большая спакуса запісваць чалавека ў беларускія адраджэнцы толькі за факт паходжаньня зь Беларусі.

Пытаньне да таго, што мы з вамі разумеем пад Беларусьсю і ці ўспрымаем мы гісторыю і сутнасьць нашай краіны і нашых гістарычных каранёў цалкам.

Афіцыйная дзяржаўная ідэалёгія ідэнтыфікуе Беларусь з гістарычным этапам пачынаючы з «Вялікай айчыннай вайны». Ідэалёгія беларускамоўнай нацыянальна сьвядомай контр-культуры мае схільнасьць ідэнтыфікаваць Беларусь выключна з сацыялістычна-нацыяналістычным рухам канца ХІХ — пачатку ХХ стагодзьдзя і трактаваць папярэднюю гісторыю праз гэту прызму («ВКЛ — беларуская дзяржава»).

Аднак, глядзець на гэтае пытаньне варта куды больш глыбока і меней зашорана. Будзем спадзявацца, што на 80-я ўгодкі трагедыі да мэмарыялу, прысьвечанага памяці таксама і соцень нашых суайчыньнікаў, ускладзе вянок і беларуская дэлегацыя.

Наша Ніва
Алесь Чайчыц    9 красавiка 2010

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-3/970/417
Текущая дата: 23.12.2024