Квяткоўскі: Беларусы ХХІ стагоддзя сталіся супрацьвагой пануючай філасофіі “мяне няма”
Алёна Андрэева TUT.BY
Беларусы ХХІ стагоддзя сталіся супрацьвагой пануючай філасофіі “мяне няма”
Шлях да беларушчыны для тых, хто сёння вызнае сябе беларусамі, часцей за ўсё ляжаў праз пераадоленне чагосьці – псіхалагічнага бар’еру, нейкіх міфаў і забабонаў. Але беларусы - не толькі тыя, хто гаворыць па-беларуску, быць беларусам можна і не размаўляючы па-беларуску. Важна быць талерантным да мовы, ведаць гісторыю і выразна бачыць будучыню краіны. Менавіта з апошнім паўстае больш за ўсё праблемаў, - у тым перакананы адзін з каардынатараў кампаніі “Будзьма беларусамі!”, літаратар і журналіст Севярын Квяткоўскі. Напярэдадні Дня матчынай мовы ў студыі прамога эфіру TUT.BY ён разважаў пра сучасныя беларусізацыйныя працэсы, развіццё мовы і свядомасці беларусаў.
Быць беларусам – што гэта значыць?
Я для сабе на гэтае пытанне адказаў наступным чынам: трэба ведаць мінімальны гістарычны набор, бэкграунд нашага народу, трэба быць лаяльным да беларускай мовы і выразна бачыць будучыню краіны. Мы вельмі часта гаворым пра гісторыю Беларусі, але вельмі мала гаворым, як мы яе бачым у будучыні. Калі хаця б у пэўнай часткі беларусаў будзе такое бачанне, то можна будзе казаць, што наша нацыя больш-менш сфармавалася. Пакуль што я бачу набор людзей, якія жывуць па філасофіі “мяне няма”. Хацелася б гэтую філасофію крыху змяніць, і кампанія “Будзьма беларусамі!” спрыяе гэтаму.
Якія інструменты змянення гэтай філасофіі і свядомасці могуць быць эфектыўнымі сёння?
Мы дзейнічаем праз культурныя імпрэзы – музычныя, літаратурныя, мастацкія, прычым мы не самі гэта прыдумляем, а каардынуем. Мы не прадзюсары, “Будьма” – гэта не агентства. Мы заклікаем людзей прыходзіць са сваімі ідэямі, ёсць пэўная канстытуцыя кампаніі, нашы мэты і задачы, і калі вашая творчая ідэя супадае, мы ўжо сваёй каардынацыйнай дзейнасцю вам дапаможам гэтую ідэю рэалізаваць.
Якімі былі самыя цікавыя ідэі за час правядзення кампаніі?
Самыя цікавыя ідэі будуць рэалізаваныя ў гэтым годзе, яны будуць звязаныя з відэаролікамі, дзе праз нейкі сюжэт і малюнкі падаецца, што значыць "быць беларусам" у разуменні людзей, якія нас падтрымліваюць, і што з гэтага ўсяго можа атрымацца. Нарэшце чалавек усвядоміў сябе беларусам – і што далей мне рабіць з гэтым усведамленнем?
Увогуле, хацелася б, каб не мы, чатыры каардынатары, адказалі на гэтае пытанне. Хацелася б ад людзей гэта пачуць.
Наколькі нашыя людзі, нашае грамадства, у значнай ступені забітае, не вельмі актыўнае, адгукаецца на вашыя прапановы, на беларускі культурніцкі дыскурс?
Наконт забітасці я б не гаварыў. Скаванасць ёсць, і яна вытлумачальная: усе гэтыя войны, што праходзілі тут, усе гэтыя крывавыя падзеі, выхавалі ў людзей насцярожанасць і нежаданне “лезці паперад бацькі”. Але варта разумець, што ёсць Мінск, яшчэ некалькі вялікіх гарадоў, і ёсць астатняя Беларусь. У Мінску чалавек можа сабе дазволіць быць не згодным з чымсьці, напрыклад, з начальнікам, які яму не падабаецца. Па-за Мінскам такога быць не можа. Інэртнасць пэўная ёсць, але нашая кампанія існуе больш за год, і маем вельмі шмат станоўчых водгукаў. Мне вельмі прыемна, што па-за Мінскам вельмі шмат творчых імпрэз праводзіцца з удзелам мясцовых улад. Таварыства аховы помнікаў, як адзін з ініцыятараў гэтай кампаніі, наладжвае круглыя сталы ў бібліятэках, у музеях на тэму захавання гісторыка-культурнай спадчыны канкрэтнага раёна. Друкуюцца публікацыі ў раённых газетах, прыходзяць намеснікі выканкамаў і іншыя чыноўнікі, звязаныя з культурай. Яны разумеюць, што якімі б мы ні былі па сваіх грамадскіх, палітычных, светапоглядных пазіцыях, мы адзін народ і будуем нашую нацыю. Такія культурна-гістарычныя пытанні мусяць абмяркоўвацца ўсімі.
Беларушчына, як і раней, застаецца справай выбару: трэба рабіць нейкі выбар паміж нечым і нечым?
Я нядаўна вярнуўся з творчай сустрэчы-канферэнцыі, дзе былі самыя розныя беларускія творцы. Раней быў такі падзел: беларускамоўны і рускамоўны. У 90-х гадах беларускамоўныя хадзілі на беларускамоўных, незалежна ад мастацкага ўзроўню і тэматыкі тых імпрэзаў, рускамоўныя хадзілі на сваіх. Я думаю, што зараз адбываецца нармальны дыялог паміж творцамі, незалежна ад іх моўнасці, а яднанне адбываецца на ўзрозні светапогляду – творчага, жыццёвага. Мне здаецца, што і надалей так яно і мусіць развівацца. Мы не заклікаем прымушаць рускамоўных чытаць на памяць вершы Янкі Купалы. Мова – важны чыннік, але ён не асноўны. Існуе шмат прыкладаў нацый з рознымі мовамі, але пры тым людзі адчуваюць сябе адным народам, будуюць сваю краіну і жывуць у міры і згодзе.
Ці можна сказаць, што эканамічны чыннік фактычна вызначае, дзе можна быць беларусам? То бок дзе лепшае эканамічнае становішча, там і можна мець свабоду?
Трапіце вы на неабітальную выспу – ці перастанеце вы ад гэтага быць беларусам? Я думаю, адчуванне сябе беларусам ніяк не залежыць ад эканамічнага фактару.
Адчуваць – гэта адно. А праяўляць сваю беларускасць?
Праяўляць сябе можна нейкім дзеяннем. Можна падтрымаць айчыннага вытворцу, хадзіць на канцэрт айчыннага музыкі, але не толькі таму, што ён беларускі, а таму, што падабаецца.
Зразумела, што, жывучы ў Мінску, бацька менш будзе думаць, калі будзе купляць прыгожую маляваную кніжку свайму дзіцяці. На вёсцы бацькі будуць больш пра гэта думаць, таму што ўзровень даходаў розны.
А ўвогуле – мы ўсе адныя людзі.
Як вы лічыце, сітуацыя з беларускай мовай, з ужыткам яе на розных грамадскіх узроўнях за апошнія 20 гадоў неяк змянілася?
Каласальна змянілася. У канцы 80-х гадоў у публічным месцы гаварыў па-беларуску альбо пісьменнік, альбо вар’ят, альбо правакатар. Палітыка дэнацыяналізацыі пад лозунгам “У камунізме ўсе гавораць на адной мове” была вельмі жорсткая, і ў таталітарнай краіне з назвай СССР, асабліва ў Беларусі, разважаючы пра нейкую нацыянальную будучыню, можна было патрапіць пад крымінальную справу. Калі ўлічыць, што ў 30-я гады нацыя практычна ўся фізічна была знішчана, атрымалася, што беларуская мова была мовай вёскі. Прычым сяляне, што апыналіся ў горадзе, імкнуліся ўсё сялянскае з сябе выціснуць разам з мовай як мага хутчэй. А зараз беларуская мова – гэта мова прасунутай моладзі.
Яшчэ адна задача кампаніі “Будзьма беларусамі!” – дэпалітызацыя моўнага пытання, таму што так склалася, што калі чалавек размаўляе па-беларуску, лічыцца, што ён належыць БНФ ці апазіцыі. Мова стала адным з партыйных сімвалаў. Гэта глупства, таму што беларускай мове ўжо столькі соцень гадоў. Сваёй дзейнасцю мы хочам прыбраць гэты стэрэатып, і тады сітуацыя яшчэ больш палепшыцца. Усё залежыць ад культурна-адукацыйнай эліты: калі яна паміж сабой дамовіцца, то ўсе астатнія будуць нармальна і спакойна адносіцца да мовы.
У нас толькі тры працэнты жыхароў з’яўляюцца беларусафобамі ў пытанні мовы, але паводле даследаванняў, 30% жыхароў не хацелі б, каб беларуская мова развівалася. На іх думку, мова павінна застацца гісторыка-культурнай каштоўнасцю і не выходзіць з культурнага кантэксту. Сярод гэтых людзей найбольш распаўсюджаны спецыяльнасці вайскоўцаў і медыкаў, і я іх разумею: калі мне трэба будзе выклікаць пажарную ці хуткую дапамогу, я іх выклікаць буду па-руску, каб яны меня адразу ж зразумелі. Таму з такімі прафесійнымі групамі працаваць трэба паступова.
Павінен быць выбар: калі чалавек не хоча вучыцца на беларускай мове, хай вучыцца на расейскай. Але трэба стварыць хоць адзін нацыянальны універсітэт, не Беларускі дзяржаўны, а Беларускі беларускі.
У дачыненні да кампаніі “Будзьма беларусамі!” гучыць скептычная думка: ці не выглядае гэтая кампанія крыху абсурднай у Беларусі?
Сама назва можа выклікаць непаразуменні, маўляў, я ж і так беларус. Тады паўстае пытанне: а які сэнс ты ўкладаеш у слова “беларус”? Для некаторых беларус – гэта тое ж самае, што і паляшук, падняпровец, нейкі рэгіяналізм адзінай вялікай руска-беларуска-ўкраінскай нацыі. І такіх людзей вельмі шмат: каля 40% жыхароў Беларусі лічаць сябе рускімі па рэгіянальным прынцыпе. І цікава, што амаль 90% з іх адначасова лічаць сябе і савецкімі. Гэта трэба ўлічваць, такое меркаванне трэба паважаць, таму што гэта самаідэнтыфікацыя. Каля 30% беларусаў не маюць праблем самаідэнтыфікацыі, нават калі і не размаўляюць на беларускай мове.
Сваёй кампаніяй мы заклікаем задумацца над тым, што ты ўкладаеш у слова “беларус”, і прапануем сваю форму: беларус – гэта чалавек, які ведае гісторыю, талерантна ставіцца да беларускай мовы і бачыць сваю краіну незалежнай еўрапейскай дзяржавай.
Калі пачалася кампанія “Будзьма беларусамі!”, праз пэўны час пачалі з’яўляцца публікацыі, у тым ліку ў дзяржаўнай прэсе. Зараз Міністэрства культуры распачало кампанію “Беларусь – гэта мы!”. Гэта знак таго, што з усіх бакоў, з усіх вектараў гэтае пытанне хочуць неяк вырашыць. Акрамя таго, я думаю, што кампанія “Будзьма беларусамі!” ускосна стымулявала гэтую акцыю.
Калі надалей развіццё беларускай дзяржаўнасці будзе развівацца без беларускай мовы, калі беларуская мова не будзе чыннікам гэтага працэсу, ці захаваецца наша дзяржаўнасць?
Дзяржаўнасць захаваецца – гэта такая ірландызацыя працэсу. Калі дзяржава такім чынам будзе развівацца, пры гэтым не будзе перашкаджаць тым, хто хоча развіваць беларускую мову, магчыма, у нас будзе дзве моўныя грамады. Я ўпэўнены, што 2-2,5 мільёны людзей беларускамоўна скіраваных, у нас ёсць. Я не думаю, што мы будзем весці бойкі з “няправільнамоўнымі”.
Хацелася б звярнуцца да адной з акцый, якія ладзяцца ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!”, - да акцыі “Як я стаў беларусам”. Якія гісторыі вас найбольш уразілі? З чаго народ становіцца беларусамі?
Я прыдумаў гэты праект яшчэ да з’яўлення ідэі кампаніі “Будзьма беларусамі!”, але ўсё рукі не даходзілі яго рэалізаваць. Калі ж з’явілася кампанія, праект арганічна лёг у яе межы. Спачатку над праектам працаваў я адзін, потым да яго далучыліся журналісты Ганна Валынец і Арцём Мартыновіч. Многія гісторыі людзі самі дасылаюць, многія гісторыі створаны на аснове апытальніка.
Ідэя ўзнікла, калі ў мяне ў чарговы раз запыталіся: “Навошта вы гаворыце па-беларуску?”. Калі я працаваў у адным СМІ, рабіў гісторыю пра чарговага цікавага нам чалавека, рэдактар у чарговы раз запытаў: “А як ён да беларушчыны прыйшоў?”. І я зразумеў, што наспеў час адказаць на гэтае пытанне.
Многія прыйшлі праз антысаветчыну ў 80-я гады. Беларушчына выглядала рамантычнай, сярэднявяковай, светлай. Хтосьці прыйшоў з-за элементарнага пачуцця справядлівасці, а хтосьці менавіта праз любоў да беларускамоўных людзей. Але самае галоўнае, што яднае гэтыя гісторыі – гэта самапавага: ва ўсіх гэтых гісторыях ёсць вельмі выразнае “я”, “я ёсць”. Усе гэтыя людзі штосьці пераадолелі – псіхалагічны бар’ер, нейкія міфы і забабоны. Для такога пераадолення патрэбна выразнае і яркае “я”, якое становіцца яркай супрацьвагой распаўсюджанаму “мяне няма”.
Калі б сёння пачалася беларусізацыя ўзору пачатку 90-х гадоў з боку ўлады, яна праходзіла б таксама ж складана, як і тады, ці гэта было б прасцей?
Шчыра кажучы, я не памятаю, што там было складанага. Я памятаю, што быў адзін пікет у Гомелі супраць “гвалтоўнай беларусізацыі”, якая была расцягнута на дзесяць гадоў. Ніякага супраціву беларускай мове не было. Я бачыў карціну: ідзе мама з дзіцём, якое пра шарыкі-балонікі па-беларуску лапоча, а яна з ім размаўляе па-руску. І гэта было нармальна. Многія людзі тады казалі: “Мы самі ўжо не загаворым па-беларуску, але дзяцей аддадзім у беларускамоўную школу”. І многія людзі, калі раслабляюцца, калі ідзе задушэўная гаворка, пачынаюць пераходзіць на беларускую мову і сёння.
Як ставяцца да беларушчыны ў рэгіёнах і ў сталіцы? Ці патрэбныя розныя падыходы да папулярызацыі?
Давайце вернемся да эканамічнага чынніку. Справа ў тым, што ў рэгіёны настолькі рэдка хтосьці прыязджае, што людзі, асабліва ў вёсках, радыя любому. Я бачыў сітуацыі, калі выступае рок-гурт, а потым ідзе блатняк, шансон, і ўсіх вітаюць воплескамі. А ёсць Мінск, дзе людзі перабіраюць, на якое мерапрыемства пойдуць, а на якое не.
Розніцы няма, людзі паўсюль аднолькавыя. Проста ў сталіцы канцэнтруецца ўвесь выбар, сокі ўсе высмоктваюцца. А, напрыклад, у Нямеччыне ці ў Італіі няма розніцы, ці ты са сталіцы, ці ты з “глухой вёскі”.
Якая канчатковая мэта кампаніі “Будзьма беларусамі!”? Ці ёсць яна ўвогуле?
Канчатковая мэта ёсць – паўстанне беларускай нацыі. Я сваю кампанію “Будзьма беларусамі” вяду, відаць, са сваіх 15 гадоў, і многія з нас гэтую кампанію вядуць. Калі казаць канкрэтна пра гэты праект, я не магу сказаць, чым ён скончыцца. Мы ж не сотавы аператар, мы не можам падлічыць, колькі беларусаў з’явілася падчас кампаніі, не выдаем кожнаму пасведчанне. Мы спадзяемся на ідэі, на нейкі рух, які будзе ісці ад людзей. Мы правакуем жыхароў адказаць на пытанне “Будзьма беларусамі?”, дапамагаем каардынацыйна, але чакаем аддачы. І яна ёсць.
Для таго, каб нацыя паўстала, трэба прайсці нейкі шлях. Якую частку гэтай дыстанцыі мы прайшлі на сённяшні момант? Колькі ў нас яшчэ наперадзе?
Розныя людзі, з якімі я дыскутую на гэтую тэму, ацэньваюць гэты шлях па-рознаму. Хтосьці вядзе адлік ад Дуніна-Марцінкевіча, хтосьці ад Багушэвіча, хтосьці ад 1906 года, ад паўстання асяродку газеты “Наша ніва”, хтосьці вядзе ад БНР. Нацыя без культуры не можа называцца нацыяй. Я лічу, што гарадская беларуская культура пачала з’яўляцца на пачатку 80-х. Для мяне кропкай адліку з’яўляецца 1984 год – з’яўленне гурта “Мроя”. Ужо гадоў трыццаць у нас кшталтуецца гарадская беларуская культура, і для гэтага тэрміну зроблена шмат. І я лічу, што калі не замінаць развіццю, будзе нармальная, сфармаваная моўная група, са сваім універсітэтам, школамі, садкамі, і тады пачнецца спаборніцтва якасці. Калі ў беларускамоўных адукацыя будзе больш якаснай, творчы прадукт больш цікавы, тады і людзі пацягнуцца.
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-3/973/239
Текущая дата: 23.12.2024