Аб гэтым паведамляе газета The Guardian.
Дабрачынная арганізацыя Auckland City Mission, якая працуе з бяздомнымі ў горадзе Окленд у Новай Зеландыі, выпадкова адправіла ў сваіх прадуктовых пасылках ледзянцы са смяротнай дозай наркотыку метамфетамін.
«Калі ледзянцы распаўсюджваліся, мы не ведалі, што ў іх змяшчаецца метамфетамін», — сказаў прадстаўнік дабрачыннай арганізацыі. Там удакладнілі, што прысмакі былі ахвяраваны адным з грамадзян некалькі тыдняў таму. Пакуль незразумела, колькі іх было распаўсюджана за гэты час і ў колькіх ледзянцах ёсць метамфетамін.
Галоўны выканаўчы дырэктар Auckland City Mission Хелен Робінсан заявіла, што арганізацыя прымае ахвяраванні толькі ў выглядзе прадуктаў харчавання камерцыйнай вытворчасці ў запячатаным пакаванні. Ананасавыя цукеркі, праштампаваныя этыкеткай малазійскага брэнда Rinda, паводле яе слоў, «выглядалі такімі, калі іх ахвяравалі».
13 жніўня ў Auckland City Mission паступіў сігнал ад кліента, які паведаміў аб «дзіўным на смак» ледзянцы. Супрацоўнікі арганізацыі паспрабавалі некаторыя з прысмакаў, якія засталіся, і неадкладна звязаліся з уладамі.
Указваецца, што пасылкі, у якіх мог знаходзіцца ледзянец з наркотыкам, атрымалі да 400 чалавек, з імі звязваюцца супрацоўнікі арганізацыі.
Робінсан адзначыла, што восем сем’яў, уключаючы прынамсі адно дзіця, ужо паведамілі аб спажыванні ледзянцоў. Сама меней тры чалавекі звярнуліся па медыцынскую дапамогу, але шпіталізацыя не спатрэбілася. Паводле яе слоў, агідны смак прымусіў большасць неадкладна выплюнуць цукерку.
Па дадзеных Новазеландскага фонду па барацьбе з наркотыкамі, якая пратэставала ледзянцы, утрыманне метамфетаміну ў кожнай цукерцы ў 300 разоў перавышала звычайную дозу і магло прывесці да смяротнага зыходу. Прадстаўнік фонду Бэн Біркс Анг заявіў, што маскіроўка наркотыкаў пад бяскрыўдныя тавары з’яўляецца распаўсюджаным метадам трансгранічнай кантрабанды, і большая частка прысмакаў магла быць распаўсюджана па ўсёй Новай Зеландыі. Ён не выключыў таго, што чалавек, які прынёс цукеркі ў арганізацыю, мог не ведаць аб іх утрыманні.
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-402/10/74930
Текущая дата: 20.11.2024