Гэтыя прадпрыемствы ствараюцца з мэтай пераходу ад захоўвання адходаў да іх максімальнай перапрацоўкі.
Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў. Гэта досыць вялікая тэрыторыя для нашай краіны. У найбліжэйшыя гады ўрад плануе пабудаваць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў. Гэтыя прадпрыемствы ствараюцца з мэтай пераходу ад захоўвання адходаў да іх максімальнай перапрацоўкі, адзначыла загадчык аддзела абыходжання з адходамі Рэспубліканскага навукова-даследчага ўнітарнага прадпрыемства «Бел НДЦ «Экалогія» Кацярына Бацян.
Непазбежныя прадукты
Як высветлілі спецыялісты, найбольшая колькасць адходаў утвараецца ў Мінскай і Магілёўскай абласцях, а таксама ў сталіцы. Яны ўтвараюцца і назапашваюцца ад усіх сектараў эканомікі і звычайна разглядаюцца як непазбежныя прадукты.
Дзякуючы дзяржаўнай эфектыўнай палітыцы абыходжання з адходамі ў Беларусі павялічваецца колькасць аб’ектаў, якія прымаюць іх на абясшкоджванне, а таксама прадухіляюць трапленне таксічных адходаў у прыроднае асяроддзе.
Па рэгіёнах у стварэнні адходаў лідзіруе Мінская і Магілёўская вобласці, але больш за ўсіх працуе на сметнік горад Мінск, які штогод «выкідвае» горы непатрэбных рэчаў, або каля 17% ад усіх адходаў краіны. «Што датычыцца структуры, то больш за 50% — гэта тавары мінеральнага паходжання, далей — расліннага і жывёльнага (20%), адходы ападкаў сцёкавых вод водападрыхтоўкі кацельна-цеплавой гаспадаркі (12%), медыцынскія (менш за 1%)», — адзначыла Кацярына Бацян.
Варта адзначыць, што ў мінулым годзе аб’ём утварэння адходаў вытворчасці без уліку буйнатанажных скараціўся на 3 мільёны тон у параўнанні з мінулымі перыядамі. «Гэта значыць, што ўсё больш адходаў у краіне трапляе ў гаспадарчы абарот. У нас больш за тысячу юрыдычных асоб, на балансе якіх маюцца аб’екты па выкарыстанні адходаў — як уласных, так і тых, што прымаюцца ад іншых арганізацый для атрымання новага прадукту. Усяго ж у краіне зарэгістравана больш за 1,5 тысячы аб’ектаў, дзе вядзецца перапрацоўка тысячы найменняў адходаў (пры 1,5 тысячы найменняў, што ўтвараюцца)», — расказала Кацярына Бацян.
Сёлета класіфікатар адходаў у Беларусі быў актуалізаваны. Паводле слоў спецыяліста, на сёння актуальнае і пытанне размяшчэння адходаў. У нашай краіне ёсць дастаткова вялікая колькасць санкцыянаваных месцаў размяшчэння розных адходаў, уключаючы плошчы 151 палігона камунальных адходаў, 12 прамысловых, 52 штаманазапашвальнікаў, а таксама 123 глеістых пляцовак, попелаадвалаў. Каб вырашыць праблему шкоды, якую наносяць гэтыя аб’екты, рэалізоўваецца палітыка ў частцы стварэння рэгіянальных комплексаў па выкарыстанні, пахаванні і абясшкоджванні адходаў. Менавіта будаўніцтва такіх комплексаў дазволіць скараціць аб’екты доўгачасовага захоўвання адходаў і сканцэнтраваць магутнасці на рэгіянальных пунктах перапрацоўкі.
Смецце ў два кантэйнеры
Пачаўся пілотны праект па зборы смецця ў трох раёнах сталіцы. Пра гэта расказала намеснік генеральнага дырэктара па добраўпарадкаванні, санітарным утрыманні жыллёвага фонду ГА «Мінская гарадская жыллёвая гаспадарка» Анастасія Вараб’ёва.
Адходы ў сталіцы збіраюцца кантэйнерным спосабам. У шматкватэрнай забудове збор другаснай сыравіны ажыццяўляецца паводле схемы ў тры кантэйнеры (для паперы і кардону, шкла, пластыку), у прыватнай — у адзін кантэйнер аб’ёмам 120 літраў.
У Мінску прадпрыемствам «Рэмандзіс Мінск» рэалізоўваецца пілотны праект у Кастрычніцкім, Маскоўскім і Фрунзенскім раёнах у частцы прымянення двухкантэйнернай сістэмы збору адходаў. Пілотны праект прадугледжвае збор цвёрдых камунальных адходаў у асобны кантэйнер чорнага колеру, а адходы ўпакоўкі і тары (шкло, папера, метал) збіраюцца ў асобны кантэйнер жоўтага колеру або з жоўтай накрыўкай.
«Характэрна, што эксперымент паказаў станоўчы вынік. Такая сістэма больш зразумелая людзям, і працэнт выбаркі павялічыўся да 30%. Таксама дадаткова ў якасці эксперымента былі ўстаноўлены антывандальныя кантэйнеры для збору шкла аб’ёмам 3,2 кубічных метра, якія дазволілі знізіць выдаткі на сартаванне. Штогод са 100 кантэйнераў у гэтых раёнах збіраецца да 150 тон чыстай фракцыі шкла», — адзначыла Анастасія Вараб’ёва.
Усе адходы раздзельнага збору, якія збіраюцца ў жылым сектары, потым вязуць на сартаванне на спецыялізаваныя вытворчасці. Па выніках эксперымента будзе прынята рашэнне аб рэалізацыі двухкантэйнернай схемы ў астатніх раёнах Мінска. Як адзначыла спецыяліст, летась працэнт выкарыстання адходаў у сталіцы склаў 38,7%.
Павялічыць магутнасці спецыяльнага завода
Намеснік гендырэктара нагадала, што ў Мінску ў раёне палігона «Трасцянецкі» працуе смеццесартавальны і смеццеперапрацоўчы завод, куды і звозяцца бытавыя адходы. Таксама задзейнічаныа пяць сартавальных ліній на прадпрыемстве «Экарэс» і адна сартавальная лінія на прадпрыемстве «Рэмандзіс Мінск».
Сёлета пачаты будаўнічыя работы па павелічэнні магутнасцяў завода. Будаўніцтва гэтага аб’екта плануецца завяршыць да чэрвеня наступнага года і запусціць прадпрыемства на поўную магутнасць. Глабальная рэканструкцыя завода дазволіць павялічыць магутнасці завода да 600 тысяч тон у год. Усе адходы ў Мінску будуць накіроўвацца на гэты завод, адсартоўвацца другасныя матэрыяльныя рэсурсы. Таксама на заводзе будуць перапрацоўвацца буйнагабарытныя адходы і вырабляцца RDF-паліва ў аб’ёме 114 тысяч тон у год (refuse-derіved fuel — паліва, атрыманае з адходаў), у першую чаргу для патрэб цэментнай галіны Беларусі. Пасля гэтага ўсё смецце, якое ўтвараецца Мінскам, будзе не складавацца на звалках, а перапрацоўвацца.
Не хочаш сартаваць — плаці
На жаль, не ўсе людзі ў нас яшчэ свядомыя. Але большасць грамадзян усё ж сартуе свае адходы перад тым, як іх выкідваць. Айчыннае заканадаўства прапаноўвае падштурхоўваць такіх людзей да належных экалагічных дзеянняў праз перакананне і пакаранне парушальнікаў. Начальнік галоўнага ўпраўлення рэгулявання абыходжання з адходамі, біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Вольга Сазонава паведаміла, што парушэнні заканадаўства ў сферы абыходжання з адходамі апісаны ў Кодэксе аб адміністрацыйных правапарушэннях. Напрыклад, для юрыдычных асоб штраф складае да 1000 базавых велічынь. Таксама прадугледжана пакаранне і для фізічных асоб. Іх можна прыцягнуць да адказнасці, калі не забяспечаны раздзельны збор адходаў у выпадках, калі для гэтага створаны ўмовы. Калі, напрыклад, было зафіксавана, што ў кантэйнер для пластыку былі выкінуты змешаныя адходы. За гэта можна атрымаць штраф да 30 базавых велічынь (1200 рублёў).
Аўтар: Сяргей Куркач
Звязда, 12 чэрвеня 2024
Звязда, 12 чэрвеня 2024
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-402/14/74424
Текущая дата: 20.11.2024