Белорусский портал в Казахстане

Жыхар Мар’інай Горкі спрабаваў уступіць у шэрагі ВСУ



Аб гэтым паведамляе Следчы камітэт.

38-гадовы ўраджэнец Мар’інай Горкі, які меў намер быць наймітам Узброеных сіл Украіны, стаў падазраваным па крымінальнай справе. 

Па дадзеных следства, фігурант амаль усё жыццё вёў добрапрыстойны лад жыцця, працаваў упакоўшчыкам, цікавіўся становішчам у краіне. За падзеямі, якія адбываліся ў Беларусі ў 2020 годзе, мужчына першапачаткова назіраў збоку. Пры гэтым яму імпанавала экстрэмісцкая ідэалогія. Пасля пачатку спецаперацыі ва Украіне фігурант пільна сачыў за дзеяннямі салдат ВСУ і стаў шукаць магчымасць узяць удзел у баявых дзеяннях супраць расійскага войска.

У сакавіку мінулага года падазраваны спрабаваў незаконна перасекчы дзяржграніцу і патрапіць на тэрыторыю Украіны, за што быў прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці. Аднак ад сваёй ідэі ён не адмовіўся, і працягваў прадумваць іншыя спосабы ўступлення ў шэрагі ВСУ.

Для пачатку мужчына звярнуўся ў пасольства Украіны з прашэннем прыняць яго на службу ў якасці добраахвотніка абароннага ведамства дзяржавы, дзе яму адмовілі. Пасля няўдалых спроб рэалізаваць задуманае мужчына вырашыў знайсці адказ на сваё пытанне ў інтэрнэце.

Фігурант напісаў у спецыялізаваны чат-бот у Тэлеграм. Суразмоўца паведаміў яму аб гатоўнасці арганізаваць выезд, але пацікавіўся ў патэнцыйнага наёмніка, ці гатовы ён здзейсніць дыверсію ў Беларусі. Падазроны прапанаваў у якасці платы за ўкраінскае грамадзянства падарваць чыгуначныя пуці. З украінскага боку далі згоду і інструктавалі мужчыну. Увасабленне задуманага адкладалася, і фігурант вырашыў дзейнічаць праз Польшчу, але і тут яго чакала няўдача.

Злачыннай задуме патэнцыйнага наёмніка не наканавана было спраўдзіцца — яго затрымалі супрацоўнікі ГУБАЗіК МУС.

У дачыненні да мужчыны следчыя распачалі крымінальную справу па ч. 1 арт. 13 ч. 1 арт. 361-3 (падрыхтоўка да ўдзелу на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фармаванні) КК. Да яго прыменена мера стрымання ў выглядзе ўзяцця пад варту.

Вывучэнне асобы падазраванага паказала, што раней да крымінальнай адказнасці ён не прыцягваўся, жыў з жонкай і не меў пастаяннай крыніцы даходу. Ён не праходзіў спецыяльную ваенную службу, але шчыра лічыў, што яго навыкаў будзе дастаткова для ўдзелу ва ўзброеным канфлікце.

Цяпер мужчына дае паказанні і супрацоўнічае са следствам.

Звязда, 18 красавіка 2024

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-402/21/73742
Текущая дата: 20.11.2024