Белорусский портал в Казахстане

Расія будзе фінансаваць мадэрнізацыю ААТ "Гродна Азот"



Крэдытныя рэсурсы расійскай дзяржкарпарацыі будуць выкарыстаны для мадэрнізацыі прадпрыемства ў Гродне.

Гендырэктар ААТ "Гродна Азот" Ігар Ляшэнка і першы намеснік старшыні праўлення банка "БелВЭБ" падпісалі дакумент аб фінансаванні мадэрнізацыі прадпрыемства, паведамілі ў банку.

"Фінансаванне ажыццяўляе ВЭБ.РФ (расійская дзяржкарпарацыя). Банк "БелВЭБ" выконвае функцыі банка-агента: адпаведнае пагадненне было падпісана ў ходзе XI форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі", - растлумачылі ў фінустанове.

Ліміт крэдытнай лініі – 4,3 млрд расійскіх рублёў (каля 158 мільёнаў у беларускіх), а тэрмін крэдытавання – 11 гадоў.

"Дакументам таксама прадугледжана магчымасць выкарыстання субсідыі з бюджэту Расійскай Федэрацыі для забеспячэння льготнай працэнтнай стаўкі", - адзначылі ў "БелВЭБ".

Гэты банк, які фактычна належыць расійскай дзяржаве, супрацоўнічае з ААТ "Гродна Азот" ужо больш за 15 гадоў і раней ужо ўдзельнічаў у фінансаванні мадэрнізацыі. Цяпер размова ідзе аб абнаўленні дзеючых вытворчасцей, а таксама стварэнні новых.

"Рэалізацыю праекта выканае расійская кампанія. Будаўніцтва агрэгата стварае вытворчую базу для выпуску аміячнай салетры і дасць магчымасць забяспечыць магчымасць дыверсіфікацыі прадукцыі ў лінейцы азотных угнаенняў КАС – салетра – карбамід", - удакладнілі ў "БелВЭБ".

У 2023 годзе паведамлялася, што планаваная магутнасць новай вытворчасці складзе 500 тыс тон карбаміду за год. Стварэнне новых магутнасцей плануюць завяршыць у 2026 годзе.

Таксама, у 2022 годзе, Мінск наведаў кіраўнік дзяржкарпарацыі развіцця "ВЭБ.РФ" Ігар Шувалаў.

"…Мы вітаем ваш больш актыўны ўдзел у працы ў Беларусі. Адна ўмова – каб працавалі па правілах, вызначаных у банкаўскай сферы, па законах, якія ў нас у Беларусі", - заявіў тады Шувалаву прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

Мінск, 27 чэрвеня 2024
Sputnik

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-402/3/74544
Текущая дата: 22.12.2024