Белорусский портал в Казахстане

Турыстычныя маршруты па Беларусі сабралі ў рэестр



Аб гэтым паведаміў дырэктар Нацыянальнага агенцтва па турызму Вячаслаў Чарноў.

Цяпер карыстальнікам даступна інфармацыя амаль аб 100 экскурсійных маршрутах па ўсіх рэгіёнах краіны. Турысты могуць азнаёміцца з кароткім апісаннем маршруту, даведацца, колькі часу зойме падарожжа і якая турыстычная інфраструктура размешчана на шляху руху групы. Дадаткова акрэслены іншыя характарыстыкі маршруту: яго працягласць, тып, клас, від і статус. "Ёсць магчымасць дапоўніць даныя экскурсіі аб`ектамі, якія знаходзяцца непадалёку ад маршрутаў, што ў перспектыве і будзе зроблена", - адзначыў Вячаслаў Чарноў.

Пры стварэнні рэестра выкарыстоўваліся даныя Дзяржаўнага кадастру турыстычных рэсурсаў Беларусі. Разам з тым спіс прадаўжае папаўняцца новымі экскурсіямі. Прадстаўнікі турыстычнага бізнесу могуць прапанаваць свае распрацоўкі, якія будуць уключаны ў рэестр.

Электронны рэестр экскурсійных маршрутаў цяпер даступны на сайце Нацыянальнага агенцтва па турызму. "Рэестр маршрутаў і экскурсій пакуль прадстаўлены толькі ў скарочаным выглядзе. Некаторая інфармацыя, размешчаная ў Дзяржаўным кадастры турыстычных рэсурсаў Беларусі, напрыклад вучэбна-метадычная дакументацыя, тэкст экскурсіі, тэхналагічная карта маршрутаў, яшчэ недаступная", - адзначыў Вячаслаў Чарноў.

Таксама на сайце Нацагенцтва па турызму можна карыстацца інтэрактыўнай турыстычнай картай Беларусі, дзе адзначаны прыродаахоўныя аб`екты і гісторыка-культурныя каштоўнасці. Акрамя таго, карта дапаможа арыентавацца ў сацыяльна-культурных аб`ектах на тэрыторыі краіны: з яе дапамогай турысты могуць даведацца аб бліжэйшых гасцініцах, аб`ектах харчавання, офісах арэнды аўтамабіляў, аб`ектах сувязі (інтэрнэт-кафэ, пункты Wi-Fi), медыцынскіх, спартыўных, ігральных і многіх іншых установах.

17 кастрычніка 2013, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-402/550/23867
Текущая дата: 20.11.2024