Белорусский портал в Казахстане

Украіна разлічвае на тое, што і ў далейшым з Беларуссю будуць распрацоўвацца сумесныя праекты



Аб гэтым заявіў прэм`ер-міністр Украіны Мікалай Азараў у эфіры праграмы "У цэнтры ўвагі" тэлеканала "Беларусь 1".

"Мы вельмі ўдзячныя кіраўніцтву Беларусі за узважаную, спакойную ацэнку нашых планаў аб падпісанні пагаднення аб асацыяцыі з Еўрапейскім саюзам. Такія ўзважаныя ацэнкі, якія цяпер пераважаюць у пазіцыі беларускага кіраўніцтва, сведчаць аб тым, што Беларусь канструктыўна глядзіць на гэты працэс і робіць абсалютна правільныя вывады. Калі, скажам, твой сусед прыняў такое рашэнне, давай падумаем разам, як зрабіць так, каб нам абодвум было лепш, а не горш. І тут мы гатовы да максімальнага супрацоўніцтва", - падкрэсліў прэм`ер-міністр. Ён расказаў, што ў час візіту ў Мінск прывязе з сабой вялікую групу бізнесменаў, ключавых кіраўнікоў урада, якія адказваюць за пытанні эканамічнага супрацоўніцтва.

"Украіна разлічвае на тое, што і ў далейшым з Беларуссю будуць распрацоўвацца сумесныя праекты. Вядома, Украіна не проста ставіць перад сабой мэту быць з краінамі Еўрапейскага саюза або з краінамі Мытнага саюза. Яна проста асуджана на гэта супрацоўніцтва. Мы ж суседзі. У нас працяглая граніца, у тым ліку і з Беларуссю, з Расіяй і з краінамі ЕС. Само геаграфічнае становішча нас абавязвае да такога ўсебаковага супрацоўніцтва. Гэта не гаворачы аб тым, што з Беларуссю нас звязвае многае - доўгі час мы жылі пад адным дахам. Гэта ўсё прыводзіць нас да таго, што мы павінны максімальна быць адкрытымі з нашымі партнёрамі, максімальна даносіць свае пазіцыі. І мы спадзяёмся на тое, што кіраўніцтва Беларусі таксама зможа нашу пазіцыю данесці да нашых партнёраў, у тым ліку і расійскіх", - адзначыў Мікалай Азараў.

Ён расказаў, што Украіна цяпер вывучае вопыт работы Мытнага саюза. "Тры краіны на працягу дзесяці гадоў вялі настойлівыя перагаворы, я ведаю аб гэтых перагаворах. Усе бакі ўлічвалі сваю спецыфіку, свае асаблівасці. Аб нечым дамовіліся, стварылі пэўны гандаль, стварылі пэўныя тэхнічныя рэгламенты, распрацавалі базу з не менш як 120 прававых пагадненняў. Усе гэтыя пагадненні прайшлі ратыфікацыю, неабходныя дзяржаўныя працэдуры. Украінскі ўрад прыняў рашэнне аб тым, што магчыма далучэнне да пагаднення, якое рэгулюе тэхнічны рэгламент. І цяпер наш урад пачне гэту працэдуру. Мы павінны будзем з нашымі партнёрамі перагаварыць, ці гатовы яны прыняць Украіну з гэтай пазіцыяй", - сказаў прэм`ер-міністр.

Мікалай Азараў таксама асабліва падкрэсліў, што тыя, хто спрабуе ставіць палітыцы Украіны нейкія палярныя ацэнкі, - памыляюцца. "Формула, якую прапанаваў прэзідэнт Украіны, нарэшце, была рэалізавана пасля вядомага мемарандума чатырох краін аб тым, што Украіна атрымлівае статус наглядальніка ў Мытным саюзе. Мы ўдзельнічаем у рабоце Вышэйшага эканамічнага савета трох краін і ў далейшым збіраемся ўдзельнічаць у рабоце міждзяржаўных органаў Мытнага саюза", - сказаў прэм`ер-міністр.

Прэм`ер-міністр Украіны Мікалай Азараў 7-8 кастрычніка ажыццяўляе афіцыйны візіт у Беларусь. Праграмай візіту запланавана падпісанне ўкраінска-беларускіх дакументаў. Таксама прэм`ер наведае шэраг прадпрыемстваў, у прыватнасці, аграпрамысловага і ваенна-прамысловага комплексаў, прадпрыемства па вытворчасці морапрадуктаў. Акрамя таго, Мікалай Азараў прыме ўдзел у цырымоніі ўскладання кветак да манумента Перамогі ў Мінску і да Вечнага агню ў Брэсцкай крэпасці.

7 кастрычніка 2013, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-402/553/23723
Текущая дата: 20.11.2024