Белорусский портал в Казахстане

У Мінскім раёне затрымана найбуйнейшая за апошнія некалькі гадоў партыя насваю



Найбуйнейшую за апошнія некалькі гадоў партыю насваю — вагой больш чым 100 кг — канфіскавалі днямі супрацоўнікі ўпраўлення па наркакантролі і процідзеянні гандлю людзьмі ГУБЭЗ МУС пры садзеянні аператыўнікаў наркакантролю Савецкага РУУС Мінска.

Як паведамілі ў МУС Беларусі, у поле зроку сышчыкаў трапіў 23-гадовы жыхар Пінска, які нідзе не працуе. У дачыненні да якога ўжо было складзена 11 адміністрацыйных пратаколаў за рэалізацыю насваю. У гэты раз пры затрыманні маладога чалавека ў пасёлку Ждановічы Мінскага раёна праваахоўнікі знайшлі ў яго "Мерседэсе" 62 кг гэтага некурыльнага тытунёвага вырабу.

Затрыманы таксама памагатыя, грамадзяне Таджыкістана. У іх у гаражы знойдзена яшчэ 40 кг жавальнага тытуню. У 2010 годзе сваякі аднаго з затрыманых таджыкаў былі дэпартаваныя з Беларусі за аналагічнае правапарушэнне.

Як адзначыў начальнік упраўлення па наркакантролі і процідзеянні гандлю людзьмі МУС Мікалай Карпянкоў, гандляры насваем зарабляюць ад 10 млн. рублёў штодзённа.

Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН
Мінск, 22 жніўня 2013


Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-402/568/22872
Текущая дата: 20.11.2024