Белорусский портал в Казахстане

Аляксандр Лукашэнка даў тры месяцы на распрацоўку праграмы пераўтварэння беларускай навукі



Такое даручэнне Прэзідэнт Беларусі зрабіў 5 жніўня на нарадзе па пытанню развіцця навуковай сферы Беларусі.

"У лістападзе мы запросім шырокае кола навуковай супольнасці і, самым прынцыповым чынам разабраўшыся, зацвердзім новую праграму дзейнасці навукі ў цэлым", - сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ўсе пытанні пераўтварэнняў будуць вырашацца пры ўважлівым, усебаковым і публічным абмеркаванні ў працэсе партнёрскага ўзаемадзеяння навуковай супольнасці і дзяржаўных структур.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў Беларусі вельмі акуратна ставяцца да рэфармавання навуковай сферы. "Мы крок за крокам, паціху, акуратна, па-беларуску, паступова рухаемся ў гэтым напрамку. І тыя захады, якія мы зрабілі, няхай яны нязначныя, ні ў якім выпадку не могуць паслужыць аргументам для тых, хто хацеў бы нас пакрытыкаваць чарговы раз, - сказаў Прэзідэнт. - Больш таго, я рабіў захады ў гэтай навуковай супольнасці толькі тады, калі вучоныя, на жаль, былі няздольныя ўнесці свае прапановы".

"Я некалькі разоў даручаў: прапануйце хаця б 1-2 крокі па рэфармаванню навукі. Адказаў не было. Тады даводзілася дзейнічаць зыходзячы з таго, як у дзяржаве кіраўніцтва гэту праблему разумела. Мы ішлі вельмі акуратна, як па тонкім лёдзе, каб не нашкодзіць", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

"Я гэта гавару да таго, што з`явіцца вельмі шмат "разумных" людзей, якія скажуць, што, вось, Лукашэнка зноў бяжыць услед за Расіяй або яшчэ за кімсьці. Вы ведаеце аб спробе рэфармаваць Акадэмію навук у Расіі, - сказаў Прэзідэнт. - Гэта абсалютна не мае нічога агульнага з той рэформай, якую праводзім мы. Мы не ставім у аснову і не прэтэндуем на тое, каб руліць у Акадэміі навук, кіраваць вучонымі, тым больш дзяліць уласнасць, якую сёння арандуюць у дзяржавы навуковыя інстытуты, - Бог з вамі, кіруйце, калі вы можаце гэта эфектыўна рабіць".

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што нядаўна перадаў у распараджэнне Акадэміі навук 25 тыс.га сельгасзямель і цэлыя прадпрыемствы. "Калі вы гатовы праглынуць яшчэ такі кавалак, мы вам яшчэ дадзім, і не толькі зямель, але і іншыя прадпрыемствы, і нават самыя лепшыя, каб яны развіваліся яшчэ лепш. Гэта наш шлях, а не ў тым, каб там дзесьці пад сталом нешта падзяліць", - адзначыў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў яго толькі дзяржаўны падыход да рэфармавання навукі.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што напярэдадні сённяшняй нарады яму былі прадстаўлены новыя прапановы НАН Беларусі, якія прадугледжваюць перадачу ёй усіх галіновых навуковых арганізацый і адкрыццё на базе Акадэміі навук і ДКНТ навукова-практычнага цэнтра па стварэнню высокатэхналагічных і навуковаёмістых сектараў эканомікі.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што чакае атрымаць адказы на прынцыповыя пытанні: ці ёсць праграма ўдасканалення НАН і навукова-тэхнічнай сферы, якая адпавядае не карпаратыўным або ведамасным інтарэсам, а духу часу і патрабаванням развіцця навукі, у якім стратэгічным напрамку павінна ісці развіццё навуковай сферы з улікам тых задач, што ставяць перад сабой эканоміка і грамадства.

5 жніўня 2013, Мінск
Таццяна Паляжай - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-402/575/22492
Текущая дата: 19.11.2024