Белорусский портал в Казахстане

Беларуска-літоўскі форум рэгіянальнага супрацоўніцтва пройдзе 28—29 мая ў Літве



Другі беларуска-літоўскі форум рэгіянальнага супрацоўніцтва пройдзе 28—29 мая ў Друскінінкаі і Алітусе.

Як паведамляе прэс-служба МЗС Беларусі, у працы форуму плануецца ўдзел больш чым 200 беларускіх і літоўскіх прадстаўнікоў. Ад Беларусі ў мерапрыемстве возьмуць удзел дэлегацыі ўсіх абласцей і Мінска.

Праграмай форуму прадугледжана правядзенне пленарнага пасяджэння, а таксама секцыйных пасяджэнняў па канкрэтных кірунках развіцця беларуска-літоўскага міжрэгіянальнага супрацоўніцтва.

Акрамя таго, 28 мая ў Вільнюсе адбудзецца 16-е пасяджэнне двухбаковай беларуска-літоўскай камісіі па гандлёвым і эканамічным супрацоўніцтве.

Беларускую дэлегацыю на пасяджэнні камісіі ўзначаліць намеснік міністра замежных спраў Аляксандр Гур`янаў, літоўскую — віцэ-міністр эканомікі Кястуціс Трачыёкас.

У склад беларускай дэлегацыі ўвойдуць прадстаўнікі Міністэрства эканомікі, Міністэрства прамысловасці, Міністэрства энергетыкі, Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, Міністэрства транспарту і камунікацый, Дзяржаўнага мытнага камітэта.

У рамках пасяджэння камісіі плануецца абмеркаваць стан і перспектывы далейшага пашырэння двухбаковых сувязей у сферах гандлю, інвестыцыйнага супрацоўніцтва, прамысловай кааперацыі, транспарту і транзіту, энергетыкі, аховы навакольнага асяроддзя, прыгранічнага ўзаемадзеяння.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН
Мінск, 27 мая 2013

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-402/589/21332
Текущая дата: 19.11.2024