Белорусский портал в Казахстане

Урад Беларусі мае намер у 2013 годзе забяспечыць рост прамысловай вытворчасці, нягледзячы на складаную макраэканамічную сітуацыю



Аб гэтым паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.

Пытанні ўзаемаадносін у АЭП, перспектывы супрацоўніцтва з Венесуэлай, а таксама работа прамысловага комплексу Беларусі абмеркаваны 27 мая ў час даклада першага віцэ-прэм`ера Уладзіміра Сямашкі кіраўніку дзяржавы Аляксандру Лукашэнку.

У сувязі з маючым адбыцца пасяджэннем Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета ў Астане кіраўніка дзяржавы, у першую чаргу, цікавілі пытанні ўзаемадзеяння ў Адзінай эканамічнай прасторы і перспектыў будаўніцтва Еўразійскага эканамічнага саюза.

"Па-першае, гэта Расія. Якія ў нас сёння існуюць праблемы ў комплексе, у сувязі з тым што, як вы ведаеце, заўтра-паслязаўтра ў мяне адбудуцца кансультацыі і перагаворы па гэтым пытанні з Прэзідэнтам Казахстана і Прэзідэнтам Расіі?" - пацікавіўся Аляксандр Лукашэнка.

Другой тэмай сустрэчы стала развіццё адносін Беларусі з Венесуэлай. "У чэрвені можа адбыцца сумеснае пасяджэнне нашай міжурадавай камісіі. Прайшоў пэўны час, і я атрымліваю сігналы да таго, што час пачаць бы ўжо інтэнсіфікаваць нашы адносіны і перагаворы па ўсіх напрамках, і палітычных, і эканамічных", - адзначыў Прэзідэнт. У сувязі з гэтым ён папрасіў Уладзіміра Сямашку прадставіць свае прапановы па гэтым пытанні.

"І трэцяя, унутраная, праблема - работа прамысловасці. Больш за ўсё ў мяне апасенняў за гэты напрамак, асабліва ў плане рэалізацыі гатовай прадукцыі. Я хацеў бы пачуць магчымыя прапановы ў сувязі з маімі даручэннямі наконт паставак на ўнутраны рынак прадукцыі машынабудаўнічага комплексу. Але самае галоўнае - схемы і сістэмы ўзаемаразлікаў за гэту прадукцыю", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Уладзімір Сямашка далажыў Прэзідэнту аб рабоце ўрада па паглыбленню адносін з Расіяй, вырашэнню шэрага пытанняў, звязаных з інтэграцыйнымі праектамі. "Усё развіваецца, па вялікаму рахунку, нармальна, ёсць рух, дынаміка. Пытанні балансаў на першае паўгоддзе вырашаны, рух дадатны", - адзначыў першы віцэ-прэм`ер.

Што датычыцца беларуска-венесуэльскіх адносін, Уладзімір Сямашка канстатаваў, што на гэты момант у Венесуэле рэалізавана інтэграцыйных інвестпраектаў амаль на $0,5 млрд. Пабудавана чатыры заводы: па вытворчасці керамічнай цэглы, зборцы МАЗаў, трактароў, вытворчасці камунальнай і дарожна-будаўнічай тэхнікі. З удзелам беларускіх будаўнікоў узводзіцца шэраг мікрараёнаў, некаторыя з іх ужо здадзены ў эксплуатацыю. Акрамя таго, на рознай стадыі абмеркавання і рэалізацыі знаходзяцца сумесныя праекты агульным коштам прыкладна $3 млрд.

Напярэдадні чарговага пасяджэння Беларуска-венесуэльскай сумеснай камісіі па гандлёва-эканамічнаму супрацоўніцтву была абмеркавана пазіцыя беларускага боку. Прэзідэнтам дадзены адпаведныя даручэнні.

Аляксандру Лукашэнка было даложана аб выніках работы прамысловага комплексу Беларусі за мінулы перыяд 2013 года і перспектывах выканання прагнозных паказчыкаў па году ў цэлым. "Пакуль прамысловасць Беларусі не выконвае прагнозныя паказчыкі. Але ёсць пэўная дынаміка па міністэрствах, канцэрнах і камітэтах, і ёсць заданне, каб усё ж па канцу года выйсці на тыя прагнозныя паказчыкі, якія былі намечаны па прамысловай вытворчасці, - не менш як 107 працэнтаў, - адзначыў Уладзімір Сямашка. - Павінны быць уключаны дадатковыя механізмы, каб гэтыя заданні былі выкананы. Ніхто не адмаўляе таго, што сітуацыя на макраўзроўні вельмі няпростая. Па-першае, адчуваецца ўплыў сусветнай рэцэсіі. Па-другое, з 1 студзеня Расія ўступіла ў СГА, а расійскі рынак для нас адзін з асноўных, асабліва што датычыцца прадукцыі машынабудавання. І мы ўжо ў поўнай меры зведалі негатыўныя моманты, апынуўшыся па факту ў СГА, паколькі мы знаходзімся ў Мытным саюзе".

"Гэтыя два глабальныя працэсы, безумоўна, паўплывалі на вынікі работы прамысловага комплексу рэспублікі. Але прынятыя меры і тое, што напрацавана, павінна ўсё ж даць нам па канцу года станоўчы вынік", - упэўнены першы віцэ-прэм`ер.

Як адзначыў Уладзімір Сямашка, прамысловасць Беларусі на працягу апошняга дзесяцігоддзя, нават у няпростыя перыяды, заўсёды паказвала даволі высокія тэмпы прыросту. "Ужо ёсць і задзел і сістэма работы, таму ў далейшым мы ні ў якім выпадку не павінны збаўляць тэмпы", - рэзюмаваў ён.

27 мая 2013, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-402/589/21339
Текущая дата: 19.11.2024