Белорусский портал в Казахстане

У Сербіі будуць створаныя два буйныя машынабудаўнічыя холдынгі з удзелам Беларусі



Такая дамоўленасць дасягнута ў час перамоў намесніка прэм`ер-міністра Беларусі Пятра Пракаповіча з першым намеснікам прэм`ер-міністра Сербіі Аляксандрам Вучычам 16 мая.

Сустрэча адбылася ў межах візіту беларускай дэлегацыі на чале з Пракаповічам у Сербію 16—18 мая, паведамляе прэс-служба ўрада Беларусі.

"Вельмі перспектыўным для нашых краін з`яўляецца стварэнне сумесных прадпрыемстваў. Сёння мы прынцыпова дамовіліся пра стварэнне двух найбуйнейшых машынабудаўнічых холдынгаў у Сербіі з нашым удзелам. Таксама дамовіліся аб рэалізацыі многіх праектаў у Беларусі. Гэта створыць новыя працоўныя месцы як у Сербіі, так і ў Беларусі", — адзначыў беларускі віцэ-прэм`ер.

На думку Пракаповіча, вялікія магчымасці ў Беларусі і Сербіі для супрацоўніцтва ў першую чаргу ў эканамічнай сферы. "У 2012 годзе тавараабарот паміж краінамі склаў 150 млн. долараў, але наша задача, каб у найбліжэйшыя гады гэтая лічба шматразова павялічылася. Вынікі работы ў першым квартале гэтага года гавораць аб тым, што гэта рэальна", — сказаў ён, падкрэсліўшы, што ў студзені—сакавіку 2013 года тавараабарот паміж Беларуссю і Сербіяй павялічыўся амаль на 40% да адпаведнага перыяду 2012 года.

"Нашы адносіны перспектыўныя і вельмі выгадныя. Мы разглядаем Сербію як магчымасць для прасоўвання нашай прадукцыі не толькі на сербскі рынак, але і ўсяго Балканскага рэгіёну. У той жа час мы гатовы даць усё неабходнае, каб сербскія бізнесмены мелі магчымасць выходзіць не толькі на рынак нашай краіны, але і праз Беларусь на рынак усёй Еўразійскай эканамічнай прасторы", — дадаў ён.

Аляксандр Вучыч у сваю чаргу праінфармаваў, што на перамовах абмяркоўвалася, якім чынам краіны маглі б ажыццяўляць узаемнае інвеставанне. "У нас ужо ёсць добрыя прыклады супрацоўніцтва і пэўныя напрацоўкі, як узаемадзеянне холдынгу "Амкадор" з сербскім бізнесам. Гэтак жа сама маглі б вырашыць пэўныя праблемы і іншыя фабрыкі, што ў будучыні дазволіла б ствараць працоўныя месцы", — лічыць ён.

"Трэба таксама развіваць супрацоўніцтва ў галіне будаўніцтва. Сербія ўжо працуе ў Беларусі ў гэтым кірунку, і мы за тое, каб у краіне было больш сербскіх будаўнікоў", — адзначыў Вучыч. Ён узгадаў і пра супрацоўніцтва краін у галіне машынабудавання. У гэтым кірунку рэалізуецца шэраг праектаў, распрацоўваюцца новыя.

"Акрамя таго, сёння мы дамовіліся пра ўзаемадзеянне нашых металургічных заводаў — БМЗ і сербскага металургічнага камбіната", — дадаў першы намеснік прэм`ер-міністра Сербіі.

Андрэй Серада, БелаПАН
Мінск, 17 мая 2013

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-402/591/21207
Текущая дата: 19.11.2024