Белорусский портал в Казахстане

Беларусь хоча выбудоўваць з Еўрапейскім саюзам і Злучанымі Штатамі Амерыкі добрыя нармальныя адносіны



Аб гэтым заявіў 19 красавіка Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся з Пасланнем да беларускага народа і Нацыянальнага сходу.

"Мы не хочам з вамі сварыцца, мы хочам быць з вамі ў добрых нармальных адносінах", - сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы, звяртаючыся да ЕС і ЗША.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь ніколі не стварала ніякіх праблем і цяжкасцей для суседзяў, асабліва заходніх. "Мы самыя прыстойныя, прабачце за нясціпласць, і надзейныя людзі, якія жывуць у цэнтры Еўропы", - сказаў Прэзідэнт.

"Вялікая колькасць нафтапрадуктаў, нафты ідзе з Усходу на Захад. Вы хоць помніце, што яны ў асноўным ідуць праз Беларусь? Не. Таму што тут ціха і спакойна для вас. Калі здарыцца, не дай бог, нейкая дробязная аварыя, на працягу некалькіх гадзін яна ліквідуецца. Вы ўжо заўтра з уводам другога калектара Ямал-Еўропа будзеце атрымліваць яшчэ больш, больш за палавіну, прыроднага газу праз Беларусь. Вы калі-небудзь нас абвінавачвалі ў тым, што мы нядобрасумленна выконваем гэтыя функцыі? Добрасумленна выконваем", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

"Вы ездзіце туды-назад мільёны, сотні мільёнаў разоў за год. Вы хіба якія-небудзь нязручнасці адчувалі на тэрыторыі Беларусі? Не! - прадоўжыў Прэзідэнт. - Міграцыйныя патокі, уранавыя, розныя атамныя тэхналогіі і іншыя шкодныя рэчывы, наркотыкі, якія мы затрымліваем кілаграмамі і тонамі на сваёй граніцы... Змагаемся мы ў чыіх інтарэсах? У вашых!"

"І гэта ўжо добры парадак дня для пачатку нармалізацыі адносін з Еўрапейскім саюзам і Штатамі", - лічыць беларускі лідар.

"Але мы ніколі, паўтараю ўжо каторы раз, не пойдзем на тое, каб стаць перад кім-небудзь на калені, згорбіцца", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.- Не трэба нас душыць. Бо вы пераканаліся: усе гэтыя санкцыі контрпрадуктыўныя".

"І не стаўце нас перад выбарам. Наш лёс такі, мы знаходзімся ў цэнтры Еўропы. Вы самі гаворыце, што Беларусь выконвае ролю нейкага сувязнага звяна, моста, калідора паміж Захадам і Усходам. Так ён павінен быць спакойны і бяспечны. Мы вам гарантуем, што ён будзе такім", - заявіў Прэзідэнт.

"І ні на якія рэвалюцыі мы таксама не пойдзем. Больш таго, мы не дапусцім ніякіх рэвалюцый. Мы нікога не будзем душыць, цкаваць, няхай існуе апазіцыя, сапраўдная апазіцыя, няхай змагаюцца на прэзідэнцкіх, парламенцкіх выбарах, але сумленна змагаюцца, не ламаюць, не крышаць, не бамбяць. Будуць бамбіць - атрымаюць па мазгах. Што тут незразумелага?! Мы дзейнічаем гэтак жа, як і вы. Абсалютна гэтак жа", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт дадаў, што калі будзе воля з боку ЕС і ЗША, Беларусь свой шлях пройдзе вельмі хутка.

19 красавіка 2013, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-402/597/20713
Текущая дата: 19.11.2024