Белорусский портал в Казахстане

Урад Беларусі спрасціў працэдуру выдачы экспартных крэдытаў



Працэдура выдачы экспартных крэдытаў спрошчана ў Беларусі. Гэта прадугледжана пастановай Савета міністраў і Нацыянальнага банка ад 30 сакавіка 2013 года № 239/3.

Як паведамляе прэс-служба ўрада, у адпаведнасці з прынятай пастановай у Беларусі спрошчаны механізм выдачы экспартных крэдытаў, скарочаны тэрміны разгляду дакументаў на іх атрыманне.

У прыватнасці, выключана неабходнасць прадстаўлення рэзідэнтамі, якія прэтэндуюць на атрыманне экспартнага крэдыту, дзяржаўным органам бізнес-плана развіцця. Узамен выдаецца даведка аб асноўных эканамічных паказчыках.

Агульны тэрмін прыняцця рашэння аб даванні экспартных крэдытаў скарочаны з 20 да 16 дзён.

Так, тэрміны разгляду дакументаў "Белэксімгарантам" для прыняцця рашэння аб страхаванні экспартных рызыкаў з падтрымкай дзяржавы скарочаныя з 14 да 10 дзён; дзяржаўным органам заяўкі на атрыманне экспартнага крэдыту — з 7 да 5 дзён; Мінфінам дакументаў для прыняцця рашэння аб магчымасці кампенсацыі стратаў банку ад давання экспартнага крэдыту — з 7 да 5 дзён.

Апрача таго, зменены парадак прыняцця рашэння аб кампенсацыі стратаў банкам пры памеры кампенсацыі, якая не перавышае 500 тыс. долараў ЗША. Гэта значыць, што банк пры прыняцці рашэння аб выдзяленні экспартнага крэдыту інфармуе напрамую Мінфін, мінуючы дзяржаўны орган. Пры гэтым тэрмін падрыхтоўкі Мінфінам загада скарочаны з 10 да 5 дзён.

Прадугледжваецца таксама скарачэнне тэрмінаў падрыхтоўкі і ўнясення на разгляд урада дзяржаўным органам праекта пастановы з 14 да 10 дзён для прыняцця рашэння аб кампенсацыі стратаў банкам пры памеры кампенсацыі, якая перавышае 500 тыс. долараў ЗША.

Паводле інфармацыі прэс-службы, урадам таксама прынята пастанова № 238 ад 30 сакавіка 2013 года.

У адпаведнасці з дакументам праекты пастаноў аб кампенсацыі стратаў банкам ад выдзяленні экспартных крэдытаў і аб заключэнні дагавораў добраахвотнага страхавання экспартных рызыкаў павінны разглядацца цягам пяці каляндарных дзён з дня атрымання.

Аляксей Арэшка, БелаПАН
Мінск, 2 красавіка 2013

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-402/603/20297
Текущая дата: 19.11.2024