Белорусский портал в Казахстане

У Беларусі спадзяюцца, што прэзідэнтам Венесуэлы будзе пераемнік Чавеса



Пра гэта ў інтэрв`ю РІА Новости заявіў міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей.

"Мы шчыра спадзяемся, што паслядоўнікі Чавеса, якія зараз працягваюць яго справу, перамогуць на выбарах. Мы шчыра жадаем ім поспеху", — сказаў ён.

Кіраўнік знешнепалітычнага ведамства нагадаў, што ў Аляксандра Лукашэнкі і Уга Чавеса былі асаблівыя асабістыя адносіны, якія праецыяваліся на палітычнае і эканамічнае ўзаемадзеянне паміж краінамі.

Згортванне супрацоўніцтва Беларусі з Венесуэлай пацягне, мяркуе Макей, для "дружалюбнага партнёра ў Лацінскай Амерыцы істотныя негатыўныя наступствы".

Паміж дзвюма краінамі, паводле яго слоў, склаўся вельмі высокі ўзровень узаемадзеяння ў такіх галінах, як прамысловасць, сельская гаспадарка, сумесная нафтаздабыча, а таксама газіфікацыя Венесуэлы. "Мы стварылі там сумесныя прадпрыемствы па вытворчасці трактароў, аўтамабіляў, будаўнічых матэрыялаў. Мы паводле просьбы венесуэльскага боку актыўна працуем над будаўніцтвам аграгарадкоў, а таксама над рэалізацыяй шэрагу іншых праектаў, арыентаваных на будучыню", — сказаў кіраўнік беларускага МЗС.

Уга Чавес памёр 5 сакавіка ў Каракасе. Выбары новага прэзідэнта Венесуэлы прызначаны на 14 красавіка.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН
Мінск, 1 красавіка 2013

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-402/604/20313
Текущая дата: 19.11.2024