Белорусский портал в Казахстане

Расіі запатрабаваны беларускі вопыт пабудовы сацыяльнай дзяржавы



Такое меркаванне 28 сакавіка на пасяджэнні круглага стала ў Мінску выказаў член прэзідыума ЦК КПРФ, дэпутат Дзярждумы Расіі, галоўны рэдактар газеты "Правда" Барыс Камоцкі.

"Мы б хацелі, каб тыя формы арганізацыі грамадскага жыцця, сацыяльнай эканомікі, якія ёсць у Беларусі, былі і ў Расіі", - адзначыў Барыс Камоцкі.

Паводле яго слоў, тое, як будуецца жыццё ў Беларусі, можа ў многім з`яўляцца прыкладам. Пры гэтым ён падкрэсліў, што зусім не ідэалізуе сітуацыю, аднак відавочныя, напрыклад, такія факты, што ў Беларусі наладжана дастаткова эфектыўная сістэма барацьбы з карупцыяй, няма алігархіі.

Пасяджэнне круглага стала прайшло ў форме дыскусіі прадстаўнікоў патрыятычных сіл Беларусі і Расіі. У ім прынялі ўдзел першы сакратар ЦК Кампартыі Беларусі, намеснік старшыні Мінгарвыканкама Ігар Карпенка, іншыя члены КПБ, дэпутаты, прадстаўнікі грамадскага аб`яднання "Белая Русь", БРСМ, СМІ.

Адкрываючы сустрэчу, Ігар Карпенка адзначыў актыўнае развіццё ў Беларусі структур грамадзянскай супольнасці. "У нас апошнім часам атрымліваецца, што прыязджае які-небудзь эмісар з Захаду, сустракаецца з кучкай апазіцыі і гэта лічыцца грамадзянскай супольнасцю. А тое, што ёсць яшчэ і іншыя структуры, якія прадстаўляюць шырокую грамадскасць рэспублікі, чамусьці замоўчваецца. Такое ўражанне , што ў іх прынцып грамадзянскай супольнасці вызначаецца толькі стаўленнем да ўлады", - сказаў ён.

Асноўнай тэмай дыскусіі стала супрацоўніцтва левапатрыятычных сіл дзвюх краін і магчымасці іх удзелу ў эфектыўным сацыяльна-эканамічным развіцці, падтрымка інтэграцыйных працэсаў. Удзельнікі сустрэчы абмеркавалі паходы да вырашэння найбольш вострых сацыяльных тэм, пытанне прыватызацыі.

Барыс Камоцкі упэўнены, што сацыяльна значныя сферы, ад вынікаў якіх непасрэдна залежыць жыццё людзей, ні ў якім выпадку не павінны падвяргацца масавай прыватызацыі, а дзяржава павінна захоўваць за сабой ўплыў на падзеі, якія адбываюцца ў краіне.

На думку Ігара Карпенкі, у поглядах на прыватызацыю ёсць некалькі міфаў. Адзін з іх - гэта тое, што свабодны рынак у чыстым выглядзе можа ўрэгуляваць усе праблемы. Другі - прыватнік апрыёры больш эфектыўны, чым дзяржава. Аднак такі падыход з`яўляецца памылковым, і гэтаму ёсць шэраг прыкладаў. "Ёсць структурныя элементы эканомікі, якія нельга аддаваць у прыватныя рукі, таму што гэта можа падарваць суверэнітэт і эканамічнае развіццё. Дзяржава павінна адыгрываць дамінуючую ролю ў рэгуляванні эканамічных працэсаў", - лічыць ён.

Разам з тым удзельнікі сустрэчы падтрымалі ідэю эфектыўнага дзяржаўна-прыватнага партнёрства, выказаліся за неабходнасць стварэння новых навукаёмістых вытворчасцей, мадэрнізацыі дзеючых прадпрыемстваў.

29 сакавіка 2013
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-402/605/20315
Текущая дата: 19.11.2024