Белорусский портал в Казахстане

Былы еўракамісар Гюнтэр Ферхойген: ЕС зацікаўлены ў незалежнасці Беларусі і не хоча замахвацца на яе суверэнітэт



Былы віцэ-прэзідэнт Еўрапейскай камісіі Гюнтэр Ферхойген наведаў Беларусь 24 студзеня. Ён узяў удзел у адкрытай дыскусіі на тэму "Сучаснасць і будучыня Еўрапейскага саюза" ў Мінскім міжнародным адукацыйным цэнтры.

Падчас дыскусіі Ферхойген падзяліўся сваім бачаннем эканамічных і знешнепалітычных праблем, з якімі сёння сутыкаецца ЕС, і адказаў на пытанні ўдзельнікаў. Таксама выказаў сваё меркаванне аб адносінах Беларусі і ЕС.

"Калі я ехаў сюды, то ўжо ведаў аб негатыўным іміджы краіны, але зусім не здзіўлены, што гэта аказалася не так. На маю думку, Беларусь — гэта сапраўдная еўрапейская краіна. Я вельмі спадзяюся, што ў інтарэсах абодвух бакоў — Беларусі і Еўрасаюза — мы пераадолеем усе камяні спатыкнення і пяройдзем да дыялогу", — сказаў Ферхойген.

"У Еўрапейскім саюзе няма праціўнікаў вашай краіны, абсалютна ўсе хочуць дасягнуць з ёю канструктыўнага дыялогу, — запэўніў былы еўракамісар. — Еўрасаюз зацікаўлены ў незалежнасці Беларусі і не хоча замахвацца на яе суверэнітэт".

Таксама ў рамках сустрэчы Ферхойген прадставіў адукацыйную праграму для маладых кіраўнікоў з краін Усходняй Еўропы "Каледж імя Карла Фрыдрыха Гёрдэлера — якасць дзяржаўнага і грамадскага кіравання".

БелаПАН, 25 студзеня 2013

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-402/618/19139
Текущая дата: 18.11.2024