Белорусский портал в Казахстане

Якія зарплаты атрымлівалі беларусы ў 2012 годзе?



Нацыянальны статыстычны камітэт ужо падлічыў. Такім чынам...

Самыя багатыя — праграмісты, самая нізкая зарплата — у сацыяльных работнікаў

Намінальная налічаная сярэднямесячная заработная плата беларусаў у студзені—лістападзе 2012 года склала 3 млн 649,7 тыс. рублёў, у тым ліку ў лістападзе — 4 млн 244,3 тыс. рублёў.

Самая высокая сярэдняя заработная плата ў лістападзе гэтага года была ў работнікаў ІT‑індустрыі — 10 млн 392,5 тыс. рублёў.

Таксама высокая сярэдняя зарплата ў лістападзе была зафіксавана ў работнікаў паветранага транспарту (9 млн 72,3 тыс. рублёў) і на вытворчасці коксу, нафтапрадуктаў і ядзерных матэрыялаў (8 млн 450,4 тыс. рублёў).

Самую нізкую зарплату ў лістападзе атрымалі сацыяльныя работнікі (2 млн 580,5 тыс. рублёў) і работнікі адукацыі (2 млн 968,9 тыс. рублёў).

У прамысловасці сярэдняя заработная плата ў лістападзе склала 4 млн 825,7 тыс. рублёў, на транспарце і ў сувязі — 4 млн 727,6 тыс., у будаўніцтве — 5 млн 373,6 тыс., у сельскай гаспадарцы, паляванні і лясной гаспадарцы — 3 млн 231,4 тыс. рублёў, у галіне аховы здароўя — 3 млн 253,7 тыс. рублёў. Пры гэтым сярэдняя заработная плата ўрачоў была роўная 5 млн 329,7 тыс. рублёў, сярэдняга медыцынскага персаналу — 3 млн 170,9 тыс.

Максімальны тэмп росту рэальнай заработнай платы ў студзені—лістападзе 2012 года да ўзроўню студзеня—лістапада 2011-га назіраўся ў сферы рамонту бытавых вырабаў і прадметаў асабістага карыстання (145,5%), на сухапутным транспарце (130,4%). Мінімальны — у сферы архітэктуры, інжынерных паслуг (98,2%), у галіне радыёвяшчання і тэлебачання (101,8%), на водным транспарце (106,6%).

Самыя багатыя і самыя бедныя рэгіёны

Традыцыйна лідзіруе па ўзроўні сярэдняй заработнай платы ў Беларусі Мінск (5 млн 448,5 тыс. рублёў). Мінімальны сярэдні заробак адзначаецца ў Брэсцкай вобласці (3 млн 770,4 тыс. рублёў).

У Мінскай вобласці гэты паказчык склаў 4 млн 195,6 тыс. рублёў, у Віцебскай — 3 млн 765,2 тыс. рублёў, Гомельскай — 4 млн 062,1 тыс. рублёў, Гродзенскай — 3 млн 836, 1 тыс. рублёў, Магілёўскай — 3 млн 916,8 тыс. рублёў.

Лідарамі сярод рэгіёнаў краіны па росце рэальнай заработнай платы з`яўляюцца Гомельская і Мінская вобласці.

Яшчэ раз пра "мінімалку" і тарыфную стаўку першага разраду


З 1 студзеня гэтага года месячная мінімальная заработная плата (МЗП) была ўстаноўлена на ўзроўні 1 млн рублёў, гадзінная мінімальная заработная плата — 5 тыс. рублёў. З улікам індэксацыі МЗП за лістапад гэтага года склала 1 млн 109 тыс. 120 рублёў, гадзінная мінімальная заработная плата — 6 тыс. 580 рублёў.

З 1 студзеня 2013 года мінімальная зарплата ў Беларусі будзе раўняцца 1 млн 395 тыс. рублёў. Памер гадзіннай мінімальнай заработнай платы з 1 студзеня 2013 года — 8 тыс. 340 рублёў.

Тарыфная стаўка першага разраду ў 2012 годзе пераглядалася тройчы. У апошні раз гэта адбылося 1 верасня, калі яна была павышана з 210 тыс. рублёў да 225 тыс.

На пасяджэнні Нацыянальнага савета па працоўных і сацыяльных пытаннях, якое адбылося 21 снежня, міністр працы і сацыяльнай абароны Марыяна Шчоткіна заявіла, што зноў разглядаецца пытанне павелічэння тарыфнай стаўкі першага разраду. Але канкрэтныя тэрміны яе павышэння яшчэ не вызначаны.

Святлана Бусько
Звязда, 29 снежня 2012


Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-402/626/18641
Текущая дата: 18.11.2024