Белорусский портал в Казахстане

Беларуска-казахстанскі бізнес-форум пройдзе ў Мінску 26 кастрычніка



У межах візіту дзелавых колаў Казахстана ў Беларусь 26 кастрычніка ў Мінску адбудзецца беларуска-казахстанскі бізнес-форум.

Як паведамляе прэс-служба Беларускай гандлёва-прамысловай палаты, мерапрыемства пройдзе ў гарадской ратушы з удзелам БелГПП, прадстаўнікоў пасольства Казахстана, Мінгарвыканкама, Мінаблвыканкама, адміністрацыі СЭЗ "Мінск". Затым пройдзе кантактна-кааперацыйная біржа з удзелам прадстаўнікоў прадпрыемстваў дзвюх краін.

З казахстанскага боку ў перамовах возьмуць удзел прадстаўнікі 12 прадпрыемстваў, занятых у розных галінах прамысловасці: вытворчасць абсталявання для нафтагазавага сектара, будаўнічых матэрыялаў, кандэнсатараў і кандэнсатарных установак, шклопластыкавых труб, спалучальных элементаў, шэрсці, скуры, травы для пакрыцця футбольных палёў, тэнісных кортаў, спартыўных пляцовак, дэкаратыўнага азелянення газонаў, лекавых прэпаратаў, мукі і макаронных вырабаў.

Узначальвае дэлегацыю дзелавых колаў з Казахстана кіруючы дырэктар нацыянальнага агенцтва па экспарце і інвестыцыях KAZNEXINVEST Міністэрства індустрыі і новых тэхналогій Аскар Арынаў.

У рамках візіту пройдуць дзелавыя перамовы паміж прадстаўнікамі беларускіх і казахстанскіх прадпрыемстваў, зацікаўленых у развіцці супрацоўніцтва, рэалізацыі сумесных праектаў, вывучэнні магчымасцяў інвеставання ў рэгіён, стварэнні сумесных прадпрыемстваў.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН
Мінск, 24 кастрычніка 2012

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-402/651/17029
Текущая дата: 17.11.2024