Белорусский портал в Казахстане

Пуцін ратыфікаваў пагадненні аб захаванні спецыялізацыі прадпрыемстваў, якія бяруць удзел у вытворчасці ваеннай прадукцыі ў межах АДКБ



Гэтыя пагадненні былі падпісаны ў Маскве 10 снежня 2010 года. Бакамі з`яўляюцца Арменія, Беларусь, Казахстан, Кыргызстан, Расія, Таджыкістан і Узбекістан.

Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін ратыфікаваў пагадненні аб захаванні спецыялізацыі прадпрыемстваў і арганізацый, што бяруць удзел у вытворчасці ваеннай прадукцыі, і аб агульных прынцыпах стварэння міждзяржаўных навукова-вытворчых аб`яднанняў у межах АДКБ.

Згодна з дакументамі, дзяржавы — члены АДКБ захаваюць спецыялізацыю найбольш значных прадпрыемстваў, што выпускаюць ваенную прадукцыю. Міждзяржаўная камісія па ваенна-эканамічным супрацоўніцтве АДКБ фарміруе пералікі прадпрыемстваў, спецыялізацыю якіх мэтазгодна захаваць у межах АДКБ.

"Упаўнаважаныя органы бакоў узгоднена вызначаюць парадак і тэрміны зняцця з вытворчасці прадукцыі ваеннага прызначэння, якую выпускаюць гэтыя прадпрыемствы, прымаюць рашэнне аб іх удзеле ў сумесных распрацоўках і вытворчасці новых узораў узбраення і ваеннай тэхнікі", — гаворыцца ў тлумачальнай запісцы да дакументаў.

Бакі не могуць перадаваць матэрыялы, паўфабрыкаты, камплектавальныя, дакументы і інфармацыю, атрыманыя ў межах пагадненняў, трэцім асобам без папярэдняй згоды краіны, якая ажыццяўляе пастаўкі.

Пагадненні дзейнічаюць на працягу таго ж тэрміну, што і Дагавор аб калектыўнай бяспецы, калі бакі не прадугледзяць іншае.

Сяргей Пульша, БелаПАН
Мінск, 17 кастрычніка 2012

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-402/653/16922
Текущая дата: 17.11.2024