Белорусский портал в Казахстане

Зацверджаны чатыры новыя тэхнічныя рэгламенты Мытнага саюза



Савет Еўразійскай эканамічнай камісіі (ЕЭК) зацвердзіў чатыры новыя тэхнічныя рэгламенты, паведамляе прэс-служба Дзяржстандарта Беларусі.

У прыватнасці, зацверджаны рэгламенты, якія тычацца бяспекі выбуховых рэчываў і вырабаў на іх аснове; харчовых дабавак, араматызатараў і тэхналагічных дапаможных сродкаў; змазачных матэрыялаў, масел і спецыяльных вадкасцяў; бяспекі сельскагаспадарчых і лесагаспадарчых трактароў і прычэпаў да іх.

Новыя ТР набудуць моц у розны час — з ліпеня 2013-га па студзень 2017 года.

Яны распрацоўваліся ў рамках графіка распрацоўкі першачарговых тэхнічных рэгламентаў Мытнага саюза.

"Устаноўленыя ў іх абавязковыя патрабаванні накіраваныя на забеспячэнне неабходнага ўзроўню бяспекі для жыцця і здароўя грамадзян, маёмасці, навакольнага асяроддзя, папярэджанне дзеянняў, якія ўводзяць у зман спажыўцоў адносна прызначэння прадукцыі, а таксама на зніжэнне тэхнічных бар`ераў у гандлі і забеспячэнне свабоднага перамяшчэння прадукцыі на рынку дзяржаў — членаў Мытнага саюза", — адзначыла прэс-служба.

Беларусь выступіла адказным распрацоўшчыкам ТР МС на сельскагаспадарчыя і лесагаспадарчыя трактары і прычэпы да іх. Казахстан — на выбуховыя рэчывы і вырабы на іх аснове, а таксама на харчовыя дабаўкі, араматызатары і тэхналагічныя дапаможныя сродкі. Расія — на змазачныя матэрыялы, маслы і спецыяльныя вадкасці.

Савет ЕЭК таксама зацвердзіў рашэнне аб унясенні змяненняў у палажэнне аб адзіным знаку абарачэння прадукцыі на рынку дзяржаў — членаў Мытнага саюза.

Марына Носава, БелаПАН
Мінск, 29 ліпеня 2012

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-402/669/15481
Текущая дата: 17.11.2024