Белорусский портал в Казахстане

Пад уплывам сусветнага фінансавага крызісу ў Беларусі магчымыя непрадказальныя ваганні курсаў замежных валют



Пра гэта заявіў намеснік старшыні Нацыянальнага банка Сяргей Дубкоў у інтэрв`ю на сайце Нацбанка.

Адказваючы на пытанне пра магчымасць аднаўлення крэдытавання фізасоб у замежнай валюце, Дубкоў, у прыватнасці, адзначыў: "Пад уплывам сусветнага фінансавага крызісу пры праяве дысбалансаў у эканамічным развіцці краіны (напрыклад, якія ўзніклі ў 2011 годзе) магчымыя значныя непрадказальныя ваганні ўзаемных курсаў замежных валют. Гэта вядзе да зніжэння плацежаздольнасці крэдытаатрымальнікаў".

Паводле яго слоў, Нацбанк не лічыць мэтазгодным здымаць забарону на даванне фізічным асобам крэдытаў у замежнай валюце. Выключэнне складаюць індывідуальныя прадпрымальнікі.

Як растлумачыў Дубкоў, крэдытаванне насельніцтва ў замежнай валюце "ўтрымлівае неапраўдана высокую валютную рызыку і рызыку непагашэння крэдытаў у выпадку павелічэння сум плацяжоў да такіх памераў, якія перавышаюць даход крэдытаатрымальніка". Гэта звязана з тым, што грамадзяне атрымліваюць заработную плату ў беларускіх рублях. Тым часам "насельніцтва Беларусі, як правіла, не ў поўнай меры ўсведамляе пералічаныя рызыкі", дадаў намеснік кіраўніка праўлення Нацбанка.

Забарона на крэдытаванне фізасоб у замежнай валюце змяншае рызыкі як для банкаў (у выпадку няўчаснага пагашэння або невяртання крэдыту), так і для насельніцтва, падкрэсліў Дубкоў.

Паводле яго слоў, адмова ад разлікаў у замежнай валюце паміж рэзідэнтамі на тэрыторыі Беларусі — адзін з найважнейшых кірункаў працы па дэдаларызацыі эканомікі. "Гэта спрыяе абароне і забеспячэнню ўстойлівасці беларускага рубля, у тым ліку яго пакупной здольнасці, а таксама ўзмацненню даверу да нацыянальнай валюты",— растлумачыў намеснік старшыні Нацбанка.

Андрэй Кажамякін, БелаПАН
Мінск, 24 ліпеня 2012

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-402/671/15335
Текущая дата: 17.11.2024