Белорусский портал в Казахстане

Кіраўнік Дзяржкамваенпрама Сяргей Гурулёў: Мы ні разу не парушылі міжнароднае права



Пра гэта паведамляе прэс-служба кіраўніка дзяржавы.

"У цэлым за перыяд існавання незалежнай рэспублікі мы ні разу не парушылі міжнароднае права. І ўсе спробы за вушы прыцягнуць тыя ці іншыя парушэнні пацярпелі няўдачу", — заявіў старшыня Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта Беларусі Сяргей Гурулёў 16 ліпеня падчас рабочага даклада Аляксандру Лукашэнку.

Гэтую заяву Гурулёў зрабіў у адказ на словы Лукашэнкі аб тым, што "галоўнае не памыліцца". "Нам не трэба хапацца за ўсе тэмы, — падкрэсліў ён. — І не трэба сёння вынаходзіць нейкі веласіпед, які наогул нам не патрэбны. Для нашай арміі неабходнае сучаснае ўзбраенне, а лішкі, калі такія створым, мы маем права і будзем іх прадаваць, не парушаючы міжнародныя дагаворы".

Ад старшыні Дзяржкамваенпрама кіраўнік дзяржавы найперш хацеў пачуць, як рэалізуюцца даручэнні, дадзеныя яму пры прызначэнні. "Шэраг пытанняў застаўся з мінулых гадоў, якія нам неабходна вырашаць", — сказаў Лукашэнка. Ён пацікавіўся сітуацыяй на прадпрыемствах ваенна-прамысловага комплексу, параметрамі іх знешнегандлёвага сальда.

Гурулёў праінфармаваў, што абаронны комплекс дзяржавы развіваецца рытмічна.

Нагадаем, за пяць месяцаў 2012 года прадпрыемствы сістэмы Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта Беларусі перавыканалі зацверджаныя камітэту пастановай урада ад 30 снежня 2011 года № 1779 паказчыкі сацыяльна-эканамічнага развіцця. Узровень рэнтабельнасці продажу ў арганізацыях прамысловасці склаў 21,9% пры гадавым заданні 10—11%. Паказчык энергазберажэння ва ўсіх падведамасных арганізацыях склаў мінус 9,4% пры гадавым заданні мінус 5%.

На калегіі ведамства 4 ліпеня Гурулёў казаў пра рэалізацыю новага падыходу ў дзяржфінансаванні інавацыйнага развіцця.

Так, плануецца максімальна скараціць колькасць дзейных праграм і адпаведна іх агульны аб`ём фінансавання. Грошы будуць укладвацца толькі ў тыя кірункі, па якіх чакаецца атрыманне рэальнага выніку. У гэтых умовах Дзяржкамваенпрам плануе адмовіцца ад практыкі рэалізацыі развіцця толькі праз механізм дзяржаўных навукова-тэхнічных праграм і асобных НДДКР, а выкарыстоўваць механізм інавацыйных праектаў па кірунках дзейнасці. Фактычна Дзяржкамваенпрам павінен выступаць як любы інвестар — укладваць грошы ў канкрэтны праект, што рэалізуецца ў адносна кароткія тэрміны да двух, як выключэнне — трох гадоў.

Пераходным перыядам для рэалізацыі новага падыходу стануць 2012—2013 гады. Плануецца перагледзець усе дзейныя дзяржаўныя навукова-тэхнічныя праграмы, захаваць заданні з тэрмінам завяршэння бюджэтнага фінансавання на працягу гэтага — наступнага года і агульным тэрмінам завяршэння да 2014 года.

Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН
Мінск, 16 ліпеня 2012

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-402/675/15130
Текущая дата: 17.11.2024