Белорусский портал в Казахстане

Расія зацікавілася звесткамі аб рэзкім павелічэнні Беларуссю імпарту расійскіх нафтапрадуктаў



Пра гэта заявіў на прэс-канферэнцыі ў Мінску 6 чэрвеня пасол РФ у Беларусі Аляксандр Сурыкаў.

Расійскі бок звярнуў увагу на тое, што імпарт расійскіх нафтапрадуктаў Беларуссю апошнімі гадамі значна узрос, у тым ліку ў 2012 годзе — у чатыры разы.

Адказваючы на пытанне БелаПАН, ці мае намер Расія рэагаваць на інфармацыю пра тое, што Беларусь займаецца рээкспартам расійскіх нафтапрадуктаў пад выглядам разбавіцеляў і растваральнікаў з мэтай пазбегнуць выплаты экспартнай пошліны ў расійскі бюджэт, Сурыкаў сказаў: "Мы разумеем, што Беларусь імпартуе больш, чым трэба для ўнутранага спажывання. Заўважылі, што ў справаздачнасці Мытнага саюза з`явіліся растваральнікі і разбавіцелі, якія не абкладаюцца пошлінамі. Летась іх было два мільёна тон".

Сурыкаў заявіў, што гэтым пытаннем займаюцца адпаведныя эканамічныя структуры ў РФ. "Хутчэй за ўсё, яно будзе абмяркоўвацца з беларускім бокам, каб не было парушэнняў з рээкспартам. Рээкспартаваць можна, але, калі ласка, заплаціце пошліну", — падкрэсліў пасол.

Нагадаем, у адпаведнасці з дзейнымі пагадненнямі Беларусь у абмен на бяспошлінную нафту і нафтапрадукты абавязана пералічваць у расійскі бюджэт пошліны ад экспарту нафтапрадуктаў за межы Мытнага саюза. Летась Расіі ў выглядзе нафтавых пошлін было пералічана больш за 3 млрд. долараў.

Аднак пры экспарце разбавіцеляў і растваральнікаў уся выручка застаецца ў Беларусі, пошліны ў бюджэт РФ беларускі бок не плаціць.

Паводле ацэнкі эксперта расійскага інстытута "Энергетыка і фінансы" Сяргея Агібалава, летась з-за рээкспарту Беларуссю расійскіх нафтапрадуктаў пад выглядам разбавіцеляў і растваральнікаў Расія недалічылася як мінімум 700 млн. долараў. "Сёлета страты расійскага бюджэту ад нявыплаты пошлін могуць узрасці да 2 млрд. долараў, гэта ўжо немаленькая сума для Расіі", — прагназаваў Агібалаў у нядаўнім інтэрв`ю БелаПАН.

Андрэй Кажамякін, БелаПАН
Минск, 6 июня 2012

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-402/684/14492
Текущая дата: 16.11.2024