Белорусский портал в Казахстане

Будаўніцтва інавацыйных аб`ектаў мае асаблівае значэнне, паколькі без іх немагчыма дасягнуць рэзкага прыросту ВУП і павелічэння прамысловай вытворчасці



Аб гэтым заявіў журналістам прэм`ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч, які 21 красавіка працаваў на будпляцоўцы новага будынка музея Вялікай Айчыннай вайны ў Мінску разам з іншымі высокапастаўленымі чыноўнікамі.

"Таму патрэбны новыя тэхналогіі, новыя прадпрыемствы, у першую чаргу з невялікім расходам цеплавой і электрычнай энергіі і нізкай матэрыялаёмістасцю", — цытуе прэм`ера прэс-служба Савета міністраў.

Кіраўнік урада паведаміў, што сёлета ў Беларусі распачата будаўніцтва двух буйных аўтамабільных прадпрыемстваў — па вытворчасці звышцяжкіх грузавікоў і легкавых аўтамабіляў. Акрамя таго, нагадаў ён, у 2012 годзе плануецца ўвесці ў строй два новыя лесаперапрацоўчыя заводы — па вытворчасці драўняна-валакністых пліт і мэблі з іх у Магілёве і Гродзенскай вобласці.

Разам з Мясніковічам на будоўлі працавалі намеснікі прэм`ер-міністра Сяргей Румас, Анатоль Тозік, Міхаіл Русы, кіраўнікі і супрацоўнікі апарата ўрада і Мінскага гарвыканкама.

Прэм`ер-міністр заявіў, што будаўніцтва новага будынка музея трэба весці хутчэйшымі тэмпамі. "За гэты час (з 2011 года) многае змянілася, але хацелася б, каб тэмпы былі крыху большымі на будаўніцтве гэтага адказнага аб`екта, тым больш што 50% сродкаў ад суботніка пойдуць менавіта на гэта будаўніцтва", — сказаў Міхаіл Мясніковіч.

Таксама сёння кіраўнік урада мае намер правесці аператыўную нараду на пляцоўцы па рэканструкцыі Нацыянальнага тэатра імя Янкі Купалы. Паводле яго слоў, работа там ідзе з некаторым адставаннем ад графіка, але з устанаўленнем спрыяльнага надвор`я сітуацыя павінна змяніцца ў лепшы бок, паведамляе прэс-служба ўрада.

Андрэй Серада, БелаПАН
Мінск, 21 красавіка 2012

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-402/694/13706
Текущая дата: 16.11.2024