Белорусский портал в Казахстане

ЗША падтрымліваюць узмацненне санкцый Еўрасаюза супраць Беларусі і заклікаюць Міжнародную федэрацыю хакея "прыпыніць план правядзення чэмпіянату свету па хакеі 2014 года ў Мінску"



Пра гэта заявілі у пасольстве Злучаных Штатаў Амерыкі.

"Мы вітаем рашэнне ЕС ад 23 сакавіка аб пашырэнні санкцый. Злучаныя Штаты салідарныя з партнёрамі з Еўрапейскага саюза і падтрымліваюць іх заклік да Беларусі спыніць рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзянскай супольнасці і дэмакратычнай апазіцыі", — зазначылі ў пасольстве ЗША.

"Першым крокам у гэтым кірунку павінна стаць неадкладнае вызваленне і рэабілітацыя ўсіх палітычных зняволеных, і мы цесна каардынуем нашы дзеянні ў адказ на працяг пераследу", — падкрэслілі ў дыппрадстаўніцтве.

Пасольства ЗША адзначае, што "санкцыі скіраваны не супраць народа Беларусі, а супраць тых, хто нясе адказнасць за працяг задушэння асноўных свабод пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года".

Адзначаецца таксама, што "і ЗША, і ЕС павялічылі падтрымку беларускага народа ў яго памкненні пабудаваць сучаснае, дэмакратычнае і працвітаючае грамадства".

У дыппрадстаўніцтве нагадваюць, што Акт аб дэмакратыі ў Беларусі, прыняты кангрэсам ЗША ў снежні 2011 года і падпісаны прэзідэнтам Баракам Абамам у студзені 2012 года, "заклікае Міжнародную федэрацыю хакея прыпыніць план правядзення чэмпіянату свету па хакеі 2014 года ў Мінску да таго часу, пакуль урад Беларусі не вызваліць усіх палітзняволеных".

У той жа час "пасольства лічыць за лепшае не рабіць меркаванняў" адносна магчымасці байкоту зборнай ЗША чэмпіянату свету 2014 года, калі ён пройдзе ў Мінску.

Як раней паведамляў БелаПАН, 23 сакавіка ў Бруселі на пасяджэнні Савета міністраў замежных спраў краін ЕС былі пашыраны санкцыі ў дачыненні да Беларусі. У прыватнасці, візавыя і фінансавыя санкцыі ўведзены ў дачыненні да 12 грамадзян Беларусі, "адказных за сур`ёзныя парушэнні правоў чалавека або рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзянскай супольнасці і палітычнай апазіцыі", і 29 беларускіх прадпрыемстваў, якія "атрымліваюць выгаду ад рэжыму або падтрымліваюць яго".

Еўрасаюз запатрабаваў вызваліць усіх палітзняволеных у краіне і заявіў, што ў іншым выпадку Беларусь чакае далейшае пашырэнне абмежавальных мер.

Аляксандр Ванковіч, БелаПАН
Мінск, 27 сакавіка 2012

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-402/704/12986
Текущая дата: 16.11.2024