Белорусский портал в Казахстане

МВФ будзе падтрымліваць інтэнсіўны кантакт з беларускімі ўладамі



Чарговая місія МВФ скончыла сваю працу ў Беларусі і з`ехала. Але абяцала вярнуцца ў кастрычніку, а можа, па словах кіраўніка місіі Крыса Джарвіса, і раней.

Эксперты МВФ падвялі вынікі сваёй працы ў Беларусі.

Прызнана, што ў нашай краіны ёсць добрыя перспектывы для пэўнага аднаўлення эканомікі ў гэтым годзе. Мэтавы паказчык эканамічнага росту на 5% на 2012 год, які базіруецца на высокай дынаміцы эканамічнага росту ў 2011-м, Крыс Джарвіс назваў рэальным, але цяжкадасягальным. Для таго, каб дасягнуць устаноўленых эканамічных паказчыкаў, Беларусі спатрэбяцца вельмі высокія квартальныя тэмпы росту, асабліва ў другім паўгоддзі 2012 года. Гэта проста неабходна, каб у цэлым за год выйсці на пяціпрацэнтны прырост ВУП.

Прадстаўнік МВФ лічыць, што дасягненне такога выніку "цяжка будзе ажыццявіць у межах стрымлівання інфляцыі". Аднак, калі дайсці да 5% не атрымаецца, нельга будзе казаць, што палітыка няправільная.

"Насамрэч мы лічым, што палітыка, якую праводзяць у цяперашні час, з`яўляецца абгрунтаванай і дае падставы меркаваць, што яна прывядзе а эканамічнага росту ў другім паўгоддзі 2012 года", — заявіў Крыс Джарвіс. Пакуль жа сітуацыя ў Беларусі нармальная, што пацвярджаецца выказваннем прадстаўніка МВФ наконт беларускай плацежаздольнасці: "Я думаю, што Беларусь здольная пагашаць свой доўг перад МВФ і іншымі крэдыторамі". Гэтая ацэнка вельмі важная, бо, нагадаем, у хуткім часе Беларусі трэба будзе выплачваць амаль 6 млрд долараў па знешнім дзяржаўным доўгу.

Эксперт МВФ таксама даў ацэнку апошняму зніжэнню стаўкі рэфінансавання Нацыянальнага банка Беларусі. Джарвіс прытрымліваецца думкі, што зніжэнне стаўкі да 38% гадавых было, магчыма, дачасным. Трэба было пачакаць, пакуль больш трывала ўмацуецца стабільнасць і знізяцца інфляцыйныя чаканні насельніцтва. "Гэта ўсё, безумоўна, зараз назіраецца ў Беларусі, але вельмі важна ўпэўніцца, што такія ўмовы з`яўляюцца раней, чым скарачэнне працэнтных ставак", — падкрэсліў прадстаўнік МВФ.

Дапаможа ва ўмацаванні стабільнасці эканомікі скарачэнне крэдытавання дзяржпраграм. Мінулы год ужо паказаў, што празмернае крэдытаванне эканомікі ў межах дзяржаўных праграм можа спарадзіць праблемы. Крыс Джарвіс ухваліў тое, што сёлета гэтае крэдытаванне не перавысіць 3% ВУП: "Гэта добры мэтавы паказчык, абгрунтаваны".

Эксперт МВФ упэўнены, што пры ўмове правядзення належнай палітыкі зніжэнне інфляцыі да 20% (і нават ніжэй) цалкам верагоднае. "Таксама мы чакаем, што эканамічны рост у 2012 годзе будзе дадатным, але менш за 5%". Змякчаць жа палітыку нельга. Гэта можа выклікаць больш высокую інфляцыю.

Дарэчы, пытанне аб манетарным саюзе паміж Расіяй і Беларуссю пакуль што не абмяркоўвалася з удзелам МВФ, заявіў Крыс Джарвіс. "Пакуль размовы аб гэтым няма, іначай мы б ведалі, — сказаў ён. — Па вопыце еўразоны вы можаце бачыць, якія могуць быць праблемы пры дачасным вырашэнні такога пытання".

Акрамя таго, кіраўнік місіі прадставіў журналістам новага прадстаўніка Міжнароднага валютнага фонду, які прыйдзе на змену Наталлі Калядзінай, — Марка Алена, старэйшага пастаяннага прадстаўніка МВФ у краінах Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. Беларускі офіс МВФ будзе працягваць сваю працу ў поўным фармаце. Наступная місія можа адбыцца ў кастрычніку 2012 года. "Аднак мы можам прыехаць і раней, бо маем намер падтрымліваць інтэнсіўны кантакт з беларускімі ўладамі". А ўвогуле місіі МВФ будуць наведваць Беларусь не радзей за адзін раз у шэсць месяцаў.

Уладзіслаў Кулецкі
Звязда, 7 сакавіка 2012


Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-402/709/12678
Текущая дата: 16.11.2024