Белорусский портал в Казахстане

Два аўтамабільныя СП з Кітаем зарэгістраваны ў Беларусі



Два сумесныя з Кітаем прадпрыемствы — "БелДжы" і "Саюзаўтатэхналогіі" — зарэгістраваны ў Беларусі (у Барысаве). Пра гэта сведчаць звесткі, размешчаныя на сайце свабоднай эканамічнай зоны "Мінск".

У якасці прадпрыемстваў — рэзідэнтаў СЭЗ "Мінск" зарэгістраваны СЗАТ "БелДжы", якое зоймецца вытворчасцю легкавых аўтамабіляў, і СЗАТ "Саюзаўтатэхналогіі", якое будзе вырабляць аўтакампаненты для легкавых аўтамабіляў. Абодва прадпрыемствы зарэгістраваны на плошчах кіруючай кампаніі холдынгу "Аўтакампаненты" — ААТ "Барысаўскі завод аўтатрактарнага электраабсталявання".

Паводле звестак Рэспубліканскага цэнтральнага дэпазітарыя каштоўных папер, статутны капітал "БелДжы" складае 252,3 мільярда рублёў (31,3 мільёна долараў па курсе Нацбанка). Пры гэтым выпушчана 300 тысяч акцый наміналам 841 тысяча рублёў (1 долар — 8,070 тысячы рублёў).

Статутны капітал "Саюзаўтатэхналогій" роўны 342,4 мільёна рублёў, падзелены на 4 тысячы акцый наміналам 85,6 тысячы рублёў.

Нагадаем, у снежні мінулага года першы віцэ-прэм`ер Беларусі Уладзімір Сямашка паведаміў аб падпісанні дакументаў з кітайскай кампаніяй Geely аб стварэнні ў Барысаве сумеснага прадпрыемства легкавых аўтамабіляў.

9 лютага на прэс-канферэнцыі ў Мінску старшыня праўлення Беларускай аўтамабільнай асацыяцыі Сяргей Міхневіч заявіў, што Беларусі не варта разлічваць на паспяховасць праекта па зборцы кітайскіх легкавых аўтамабіляў. "Гаварыць пра зборку аўтамабіляў з аўтсайдарамі сусветнага аўтапрама мне падаецца наіўна", — сказаў ён.

Андрэй Кажамякін, БелаПАН
Мінск, 29 лютага 2012

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-402/711/12554
Текущая дата: 15.11.2024