Белорусский портал в Казахстане

Нацбанк Беларусі зніжае стаўку рэфінансавання 1 сакавіка на 5 працэнтных пунктаў — да 38%



1 сакавіка стаўка рэфінансавання будзе зніжана на 5 працэнтных пунктаў — да 38%, паведамляе прэс-служба Нацбанка.

"Зыходзячы з тэндэнцый, якія складваюцца на працягу апошніх месяцаў у эканоміцы, яе фінансавым сектары, і прагнозаў на перспектыву, праўленнем Нацыянальнага банка прынята рашэнне аб зніжэнні з 1 сакавіка 2012 года стаўкі рэфінансавання да 38 працэнтаў гадавых", — паведамляе Нацбанк. Адпаведнае рашэнне замацавана ў пастанове Нацбанка № 70 ад 24 лютага.

У паведамленні падкрэсліваецца, што ўзмацненне жорсткасці грашова-крэдытнай палітыкі дазволіла стабілізаваць сітуацыю ў краіне і стварыць умовы для падтрымання макраэканамічнай збалансаванасці эканомікі.

"У выніку індэкс спажывецкіх цэн за снежань 2011 года склаў 102,3%, за студзень 2012 года — 101,9%, за два тыдні лютага — 100,9%. Працэнтныя стаўкі ў рэальным выражэнні па дэпазітах са студзеня 2012 года ўпэўнена замацаваліся ў станоўчым значэнні на досыць высокім узроўні", — адзначаюць у Нацбанку.

Нацбанк таксама звяртае ўвагу на далейшае паляпшэнне стану знешняга гандлю і зніжэнне знешнеэканамічных дысбалансаў. "Гэтыя і іншыя ў краіне тэндэнцыі і дазволілі Нацыянальнаму банку пайсці на зніжэнне стаўкі рэфінансавання, пры гэтым без негатыўнага ўплыву на стабільнасць фінансавага рынку", — канстатуюць у прэс-службе.

Разам са зніжэннем стаўкі рэфінансавання адбудзецца зніжэнне кошту крэдытных рэсурсаў для прадпрыемстваў і грамадзян. Акрамя таго, гэта "дазволіць некалькі скараціць перавышэнне даходнасці рублёвых фінансавых інструментаў у параўнанні з даходнасцю інструментаў на знешніх рынках. У сваю чаргу гэта будзе стрымліваць прыток у банкі кароткатэрміновага капіталу, які інвестуецца з мэтай хуткага атрымання павышанага прыбытку, у тым ліку з-за мяжы".

У паведамленні падкрэсліваецца, што "новы ўзровень стаўкі рэфінансавання будзе забяспечваць не толькі надзейную абарону рублёвых зберажэнняў ад інфляцыі, але і іх больш высокую даходнасць у параўнанні з замежнай валютай".

У мэтах падтрымання манетарнай стабільнасці ў краіне Нацбанк "мае намер і ў далейшым праводзіць гнуткую працэнтную палітыку, своечасова рэагаваць на змену сітуацыі ў знешнім гандлі, рэальным сектары эканомікі і на фінансавых рынках", падкрэсліваецца ў паведамленні.

У Нацбанку заяўляюць, што ў выпадку з`яўлення прыкмет сезоннага паскарэння інфляцыйных працэсаў "будуць прыняты і адэкватныя меры ў галіне працэнтнай палітыкі. Пры гэтым роля працэнтнай стаўкі сярод інструментаў грашова-крэдытнай палітыкі будзе паступова ўзмацняцца".

У 2011 годзе стаўка рэфінансавання ў Беларусі павялічвалася 12 раз. Сёлета Нацбанк ужо зніжаў стаўку рэфінансавання. 15 лютага яна была зніжана на 2 працэнтныя пункты, да 43% гадавых.

Андрэй Кажамякін, БелаПАН
Мінск, 24 лютага 2012

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-402/712/12469
Текущая дата: 15.11.2024