Белорусский портал в Казахстане

Лукашэнка: Мы шукаем апорныя пункты для асваення Афрыкі



Беларусь пачынае асвойваць афрыканскі кантынент, заявіў 21 лютага Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да прызначанага паслом у Нігерыі Вячаслава Бяскостага.

"Вы ведаеце, што ў нас там сяк-так. Нават у краінах, дзе ў нас ёсць пасольствы, мы не вельмі разгарнуліся, але пачынаем вельмі сур`ёзна працаваць. Там цікавасць да беларусаў сур`ёзная. Мы ўжо празандавалі глебу. Там непачаты край работы, і мы шукаем апорныя пункты. Сёння нам патрэбная апора ў выглядзе пасольства ў Нігерыі, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба. — І вам трэба быць гатовым да пашырэння сваёй дзейнасці. Калі ў Нігерыі мы будзем ажыццяўляць два-тры праекты, гэтага для пачатку дастаткова. Але вы павінны будзеце бачыць і суседнія дзяржавы, дзе мы таксама можам мець пару сур`ёзных праектаў".

"Я хачу вам больш сказаць. Я пайду нават на тое, каб дзесьці скараціць нашу прысутнасць у тых рэгіёнах, якія не вельмі хочуць з намі супрацоўнічаць, і перакінуць нашы асноўныя дыпламатычныя намаганні на тыя рэгіёны, дзе нас чакаюць і дзе мы можам атрымаць аддачу ад гэтага супрацоўніцтва. І вы — адзін з першых, хто накіроўваецца на гэтую працу", — адзначыў беларускі кіраўнік.

Лукашэнка даручыў кіраўніку Адміністрацыі прэзідэнта Уладзіміру Макею "ўзяць гэта пад сур`ёзны кантроль і з міністрам замежных спраў зыходзіць з гэтай канцэпцыі развіцця адносінаў Беларусі з афрыканскім кантынентам".

Супрацоўніцтва Беларусі з азіяцкімі краінамі, канстатаваў кіраўнік дзяржавы, складваецца паспяхова: "Мы практычна аслупавалі сваю прысутнасць усюды. Нядаўна ў Інданезіі пасла прызначылі. Ну, можа быць, да Аўстраліі не дабраліся, але, я думаю, гэта справа будучыні. З Азіяй у нас добрае супрацоўніцтва, і мы маем там дастаткова сіл". Ёсць добрыя перспектывы для пашырэння супрацоўніцтва з Японіяй, адзначыў Лукашэнка.

Стратэгія развіцця ўзаемадзеяння з краінамі Амерыкі, паводле яго слоў, таксама дакладна вызначана: тут асноўны ўпор робіцца на буйныя дзяржавы, такія як  Венесуэла, Бразілія. Адзначаецца ўзаемная цікавасць да актывізацыі кантактаў з Аргенцінай, сказаў Лукашэнка.

"Мы павінны мець рэзерв, дыверсіфікаваць нашу знешнюю палітыку. Таму мы адкрываем пасольствы ў такіх буйных і вядомых дзяржавах, як Нігерыя, — заявіў Лукашэнка. — У нас адкрытая эканоміка, экспартна арыентаваная. Нам нікуды не падзецца ад супрацоўніцтва з іншымі дзяржавамі".

Андрэй Серада, БелаПАН
Мінск, 21 лютага 2012

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-402/713/12395
Текущая дата: 15.11.2024