Белорусский портал в Казахстане

Ільготнае крэдытаванне ў Беларусі налета скарачаюць удвая



Намеснік міністра эканомікі Аляксандр Ярашэнка адзначыў, што ў будучыні будаўніцтва жылля мусіць у большай ступені фінансавацца за кошт насельніцтва і камерцыйных сродкаў.

З ягоных словаў, аб`ём будаўніцтва жылля налета мусіць скласці каля 5 млн кв.м. Структура фінансавання будаўніцтва будзе істотна адрознівацца ад папярэдніх гадоў. “Калі раней асноўнае фінансаванне жыллёвага будаўніцтва ажыццяўлялася за кошт ільготнага крэдытавання, а таксама бюджэту, то налета з бюджэту вылучаць удвая менш сродкаў – фінансаванне скароціцца да 36 %. Ад насельніцтва на будаўніцтва жылля плануем прыцягнуць каля 11 трлн руб.", – сказаў чыноўнік.

Нагадаем, што фінансаванне будаўніцтва за ільготны крэдыт захаванае толькі для аб’ектаў, якія здаюцца сёлета. Аднак улады неаднаразова абяцалі, што з 2012 года фінансаванне ўзновіцца. Як вынікае з заяваў намесніка міністра эканомікі спадара Ярашэнкі, ільготныя крэдыты атрымаюць далёка не ўсе дольнікі.

Намесніца начальніка аддзелу жыллёвай палітыкі ды інвестыцыйных жыллёвых праграмаў Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Мар`яна Еўтушэнкава адзначае, што ільготныя крэдыты сталі вялікім цяжарам для бюджэту. “Ільготнае крэдытаванне нельга ажыццяўляць, не звяртаючы ўвагі на дынаміку стаўкі рэфінансавання, – лічыць чыноўнік. – А яна ў нас цяпер 40 %. Падобная сітуацыя была ў 2003 годзе, стаўка тады складала 35 %. І трэба ўзгадаць, што тады крытэры крэдытавання былі больш жорсткія. Стаўкі па іх былі і пад 5 %, і пад 10 %. Але памер ільготнага крэдыту складаў толькі 75 % ад агульнага кошту кватэры”, – кажа спадарыня Еўтушэнкава.

Намеснік генеральнага дырэктара Цэнтру гандлю нерухомасцю "Пакодан" Павел Астапеня адзначае, што пасля адмены ільготнага крэдытавання агульны рынак будаўніцтва ў Беларусі пачаў скарачацца, і далей сітуацыя будзе пагаршацца. "Несумненна, нас чакае значнае скарачэнне аб`ёмаў будаўніцтва. Без ільготнага крэдыту больш за палову забудоўнікаў, якія цяпер будуюцца або мелі намер гэта зрабіць, наўрад ці змогуць удзельнічаць у такім долевым будаўніцтве", – лічыць Астапеня.

8 снежня 2011
belsat

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-402/731/11048
Текущая дата: 15.11.2024