Белорусский портал в Казахстане

Крызісу ў краіне няма, сцвярджае віцэ-прэм`ер Тозік



У эканоміцы Беларусі ёсць праблемы, але крызісу ў краіне няма, заявіў 21 кастрычніка намеснік прэм`ер-міністра Анатоль Тозік на сумесным пасяджэнні абедзвюх палат Нацыянальнага сходу.

"Мы займаемся вырашэннем дзвюх задач: вывадам краіны з праблемнага перыяду і забеспячэннем выхаду на ўстойлівае развіццё ў 2012 годзе. Перад урадам пастаўлена задача вырашыць усе пытанні да канца", — сказаў Тозік.

Пры гэтым ён падкрэсліў: ва ўрадзе не бачаць падстаў для перагляду прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2011—2015 гады.

Паводле слоў віцэ-прэм`ера, адна з галоўных задач урада не дапусціць падзення эканомікі і зніжэння рэальных даходаў насельніцтва. "Найбольш цяжка вырашаецца пытанне з захаваннем узроўню даходаў насельніцтва. Калі ў прамысловасці гэта лягчэй, то ў бюджэтным сектары асабліва цяжка", — сказаў Тозік.

Ён паведаміў, што за студзень—жнівень гэтага года рэальныя даходы насельніцтва ўзраслі на 7,4%. "Але фактычна розныя катэгорыі насельніцтва сёння жывуць у вельмі розных умовах", — прызнаў Тозік.

Паводле слоў віцэ-прэм`ера, за верасень намінальная сярэдняя зарплата склала 2 млн. 260 тысяч рублёў, што на 73% больш, чым у верасні 2010 года. "Мы многае зможам вырашаць па зарплатах, стыпендыях і пенсіях, калі ўраду будзе зразумелы курс нацыянальнай валюты", — падкрэсліў Тозік.

Пры гэтым ён зазначыў: дзяржавай створаны ўсе ўмовы для таго, каб "дазволіць прадпрымальнаму і працавітаму чалавеку зарабіць для сябе і сваёй сям`і".

Тозік таксама ўказаў на наяўнасць дэмаграфічнай праблемы. Для яе вырашэння, паводле слоў віцэ-прэм`ера, неабходна "ўсімі сіламі фарміраваць культ прыгожай, здаровай сям`і з трыма дзецьмі". Ён паведаміў аб планах павялічыць памеры матэрыяльнай дапамогі шматдзетным сем`ям і падтрымліваць іх у пытаннях выплаты крэдытаў.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН
Мінск, 21 кастрычніка 2011

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-402/747/9998
Текущая дата: 19.11.2024