Белорусский портал в Казахстане

Пасол Кубы: Як Беларусь, так і Куба знаходзяцца пад пільнай увагай з боку спецслужб ЗША



Як Беларусь, так і Куба знаходзяцца пад пільнай увагай з боку спецслужб ЗША. Пра гэта заявіў пасол Кубы ў Беларусі Альфрэда Ньевес Партуонда 18 кастрычніка на прэс-канферэнцыі ў Мінску.

"Кожны раз, калі нейкая лацінаамерыканская дэлегацыя наведвае Беларусь, гэта прыцягвае ўвагу. І тыя службы, якія мае імперыя янкі ў Беларусі і іншых краінах Еўропы, пачынаюць цікавіцца і задаваць пытанні аб тым, да якіх межаў можа развівацца супрацоўніцтва, напрыклад, Беларусі і Кубы, Беларусі і Венесуэлы", — сказаў Партуонда.

Гаворачы пра планы развіцця супрацоўніцтва, дыпламат паведаміў, што з 31 кастрычніка па 5 лістапада ў Гаване будзе праходзіць міжнародны кірмаш.

"Кірмаш збярэ больш за 100 дзеячаў у галіне прамысловасці, прадстаўнікоў фірм амаль са ста краін свету, якія на гэтай пляцоўцы змогуць на прафесійным узроўні абмеркаваць планы супрацоўніцтва гандлёвага і эканамічнага. Найбольшая колькасць удзельнікаў кірмашу — дзеячы з Канады, Брытаніі, Іспаніі, Германіі, Кітая, Расіі. Для нас вялікі гонар, што ў ёй будзе ўдзельнічаць і Беларусь", — падкрэсліў кубінскі пасол.

Ён таксама нагадаў, што 16 красавіка 2012 года Беларусь і Куба адзначаць дваццатую гадавіну ўстанаўлення дыпламатычных адносін, што будзе суправаджацца святочнымі мерапрыемствамі ў абедзвюх краінах.

БелаПАН
18 кастрычніка 2011

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-402/749/9935
Текущая дата: 19.11.2024