Белорусский портал в Казахстане

Лукашэнку не задавальняюць умовы прыватызацыі беларускіх НПЗ, прапанаваныя Расіяй



Беларусь не задавальняюць прапанаваныя Расіяй умовы прыватызацыі Мазырскага і Наваполацкага нафтаперапрацоўчых заводаў. Пра гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў 7 кастрычніка на прэс-канферэнцыі для расійскіх журналістаў.

"Чаму б не акцыянавацца з крыніцамі нафты? Гэта было б правільна. Але мы не гатовы на тых умовах, якія нам прапаноўваюць", — сказаў ён.

Разам з тым, паводле слоў Лукашэнкі, Беларусь не закрываецца ад расійскай прыватазацыі, а вітае расійскі капітал у сваёй эканоміцы. Кажучы пра Мазырскі і Наваполацкі НПЗ, ён падкрэсліў: "Расія хацела б мець іх у сваёй уласнасці. Мы прама сказалі: добра, але давайце пачнем з аднаго. І сёння Расія валодае 46—48% акцый НПЗ у Мазыры". Пры гэтым кіраўнік дзяржавы дадаў, што беларускія НПЗ "настроены на расійскую нафту".

Разам з тым Лукашэнка нагадаў, "як умее прыватызаваць Расія". Так, паводле яго слоў, пры прыватызацыі 6% акцый Мазырскага НПЗ былі выкрадзены. "І тады я сказаў: нацыяналізаваць гэтыя 6% і вяртаць у даход дзяржавы. Ніхто дагэтуль не заявіў сваё права на гэтыя 6%", — сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы. "Мы кантралюем гэты завод, вядома, але выконваем правы расіян на іх 48%", — сказаў Лукашэнка.

"Мы б пайшлі на гэта і па Наваполацку (Наваполацкі НПЗ. — БелаПАН.), але нас гэта насцярожыла, і мы спыніліся", — дадаў ён.

Захар Шчарбакоў, БелаПАН
Мінск, 7 кастрычніка 2011

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-402/754/9673
Текущая дата: 19.11.2024