Белорусский портал в Казахстане

Лукашэнка прапаноўвае Катару стварыць у Беларусі прамзону "Катарскі востраў у Еўропе"



Аляксандр Лукашэнка прапанаваў Катару стварыць у Беларусі прамысловую зону "Катарскі востраў у Еўропе". Такую прапанову ён зрабіў на сустрэчы з эмірам Катара шэйхам Хамадам бен Халіфой аль-Тані, паведамляе прэс-служба прэзідэнта.

Паводле слоў Лукашэнкі, пляцоўка для стварэння прамзоны будзе выдзелена, хутчэй за ўсё, у раёне Брэста. У зоне плануецца будаўніцтва катарскіх банкаў, дзелавых і культурных цэнтраў арабскіх краін заліва, жылля і аб`ектаў сацыяльнай інфраструктуры.

Кіраўнік Беларусі паведаміў, што падчас яго візіту ў Катар абмяркоўваліся канкрэтныя ўзаемавыгадныя праекты. Паводле слоў Лукашэнкі, катарскі бок прапаноўвае стварыць у Беларусі магутны фінансавы цэнтр, яго таксама цікавіць лагістыка. "Мы гатовыя дазволіць будаўніцтва лагістычных цэнтраў каля Оршы і Брэста", — сказаў Лукашэнка.

Шэйх Хамад бен Халіфа аль-Тані выказаў зацікаўленасць у стварэнні аб`ектаў нерухомасці ў Беларусі, пачынаючы ад рэзідэнцыі самога эміра да будаўніцтва буйнога спартыўна-гасцінічнага комплексу на праспекце Пераможцаў у Мінску каля футбольнага манежа, паведамляе прэс-служба прэзідэнта.

Чыноўнікі Беларусі і Катара атрымалі ўсе неабходныя распараджэнні. "На працягу месяца кірункі супрацоўніцтва будуць сістэматызаваныя і структураваныя", — паведамляе прэс-служба. Пасля гэтага дзелавыя колы дзвюх краін сустрэнуцца спачатку ў Беларусі, затым — у Катары.

Плануецца таксама правядзенне Дзён культуры Беларусі ў Катары, а затым Дзён культуры Катара ў Беларусі.

Лукашэнка запрасіў эміра Катара наведаць Беларусь зімой.

Марына Носава, БелаПАН
Мінск, 16 жніўня 2011

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-402/773/8688
Текущая дата: 18.11.2024